Баец спецатрада «Пагоня»: Тут пакуль што цяжка
08.07.2014 / 00:33
«Наша Ніва» звязалася з адным з пяці байцоў створанага на Валыні атрада «Пагоня». Яны пайшлі ў добраахвотніцкі батальён пры Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны, каб ваяваць у Данбасе. Баец адказаў праз Фэйсбук, фота даслаць адмовіўся з меркаванняў бяспекі.
— Каму належала ідэя стварэння атрада «Пагоня«?
– Невялікаму колу беларусаў, якія вырашылі ехаць на ўсход Украіны, дапамагчы ў вайне з тэрарыстамі і расейскімі наемнікамі.
— Якім чынам у атрад набіраюць людзей?
— Пакуль яшчэ нікога не набіралі. Першы атрад — гэта кола сяброў. Далей будзем выпрацоўваць тэхналогію набораў, каб пазбегнуць засланых казачкоў з органаў.
— Які будзе юрыдычны статус такіх байцоў?
Мы не цікавіліся юрыдычнымі пытаннямі, мы проста робім тое, што трэба рабіць у дадзенай сітуацыі.
— Наёмніцтва ў Беларусі забаронена законам. Таму які статус можа мець служба і ў чым яна будзе заключацца?
— Мы не наёмнікі. Мы ідзём не за грошы, а ваяваць з тэрарыстамі і карнымі атрадамі, фінансаванымі з РФ! Наконт свайго статусу — мы проста дабраахвотнікі, на сваю ўласную адказнасць.
— Чаму, па-Вашаму, беларусам на сёння важна дапамагаць Украіне?
-– Па-першае, таму што нельга заставацца абыякавым да братняга гора. Па-другое, Украіна цяпер ваюе за сваю незалежнасць з нашым супольным ворагам — крамлеўскай мафіяй.
— Як вынік украінскіх падзей, па-Вашаму, паўплывае на Беларусь?
- -Праз нейкі час Украіна будзе часткай Еўразвязу, і Беларусь амаль з усіх бакоў (акрамя РФ) будзе аточана цывілізаванымі краінамі. Гледзячы на тое, як будзе развівацца Украіна ў Еўразвязе, можа і беларусы зразумеюць карысць ад самавызначэння.
— У інтэрнэце размешчана абвестка пра збор сродкаў на бронекамізэлькі для байцоў «Пагоні». Наколькі істотны ўзровень экіпіравання ў баі?
— Бронекамізэлькі бываюць розныя — 4-я, 5-я маркіроўка можа абараніць ад кулі. Таксама калі трапіць асколак нейкі… Экіпіроўка таксама ўплывае на стан байца. Напрыклад, добры абутак гарантуе цэласнасць галенастопаў…
— У абвестцы гаворыцца, што сродкі на дапамогу атраду збірае інтэрнэт-актывістка Таня Елавая. Ці дзяўчаты могуць служыць у атрадзе?
— Пакуль у атрадзе трэніруюцца выключна хлапцы, далей пабачым. А Таццяна — гэта акрамя таго што проста прыгожая дзяўчына, вельмі адказная, ідэйная і баявая, не здзіўлюся, калі яна таксама будзе ў атрадзе.
— Ці магчымае накіраванне беларусаў у зону баёў?
— Адразу па сканчэнні трэнаванняў мы выязджаем у зону праведзення АТА!
Пакуль што прызвычайваемся да новых умоваў жыцця, уцягваемся ў вайсковае жыццё. Побыт у лагеры вайсковы. Пакуль што цяжка, але, як гаворыцца, «цяжка ў навучанні, лёгка ў баі». Спадзяёмся, што на фронце гэта нам дапаможа.
Дарэчы, падрыхтоўкай займаюцца высокакваліфікаваныя інструктары. Тут тыдзень муштры больш дае, чым калі паўтара года прыбіральні ў войску драіш!