Катэдж у пасёлку Чыжа каштаваў мітрапаліту Філарэту $25 тысяч

працяг тэмы

26.07.2014 / 11:58

Адзін з катэджаў у элітным пасёлку «Лагожаск», які забудоўвае кампанія «Трайпл» мільянера Юрыя Чыжа, належыць мітрапаліту Філарэту (мірское імя Кірыла Вахрамееў).

Падрабязнасці гэтай гісторыі былі апублікаваныя ў нумары «Нашай Нівы» (№23 ад 18 чэрвеня 2014 года).

Нагадаем, закансерваваная будоўля была прададзеная праваслаўнаму святару вясной 2012 года. А пасля ён атрымаў рашэннем Лагойскага райвыканкама зямлю пад збудаваннем. На ёй паўстаў малітоўны дом, своеасаблівы катэдж­-царква, аформлены ў прыватную ўласнасць Філарэта.

«Наша Ніва» даведалася, колькі каштавала ўгода.

У рэестры цэн дзяржаўнага зямельнага кадастра пазначана, што 4 красавіка 2012 года ў Лагойскім раёне быў прададзены толькі адзін дом. Дый знаходзіцца ён якраз у Лагожаску. За гэтую закансерваваную будоўлю пакупнік заплаціў 210 мільёнаў рублёў, гэта ўсяго каля $26 тысяч па тагачасным курсе даляра.

Гэта значна ніжэй за рынкавую цану. Напрыклад, за месяц да ўгоды Філарэта іншая закансерваваная будоўля была прада­дзеная за $90 тысяч.

Ягор Марціновіч