СК Расіі: Шанцы на вызваленне ўкраінскай лётчыцы, як у Парашэнкі стаць прэзідэнтам Амерыкі

11.07.2014 / 11:05

Украіна не зможа вызваліць лётчыцу Надзею Саўчанку, якая ўтрымліваецца ў Варонежскім СІЗА.

AP

Такую заяву зрабіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расіі (СКР) Уладзімір Маркін у інтэрв'ю радыёстанцыі «Говорит Москва».

«Такія ж шанцы як у яго (Парашэнкі) стаць прэзідэнтам Амерыкі», — сказаў Маркін, адказваючы на адпаведнае пытанне. Акрамя таго, ён заявіў, што Кіеў не звяртаўся да Масквы з просьбай вызваліць Саўчанку.

Раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў лётчыцу «сімвалам барацьбы за Украіну» і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб вярнуць яе на радзіму. «Мы не супакоімся да таго часу, пакуль не будзем мець магчымасць паведаміць маме Надзеі, што з яе дачкой, гераічнай Надзеяй Саўчанкай усё ў парадку», — заявіў Парашэнка.

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў Варонежскім СІЗА. Яе абвінавачваюць у датычнасьці да забойства журналістаў ВГТРК пад Луганскам.

Суд падоўжыў яе арышт да 30 жніўня. Па дадзеных СКР, Саўчанку затрымалі пасля таго, як яна незаконна заехала на тэрыторыю Расіі без дакументаў пад выглядам уцякачкі.

Паводле следства, лётчыца 17 чэрвеня ў час баёў пад Луганскам даведалася каардынаты месцазнаходжання здымачнай групы ВГТРК і перадала іх сваім камандзірам. У выніку мінамётнага абстрэлу загінулі гукааператар Антон Валошын і карэспандэнт Ігар Карнялюк.

lenta.ru