Украінская лётчыца Саўчанка заявіла, што яе гвалтам вывезлі ў Расію з мехам на галаве і ў кайданках

16.07.2014 / 20:08

У Следчым камітэце РФ спрабуюць запэўніць, што Саўчанка перасекла мяжу з Расеяй самастойна без дакументаў пад выглядам уцякачкі. Аднак сама лётчыца праінфармавала, што ў Расею яе даставілі сілком.

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца ў расійскім палоне, пацвердзіла, што была гвалтоўна вывезена з тэрыторыі Украіны.

Пра гэта, як інфармуе ў сераду, 16 ліпеня, прэс-служба прэзідэнта Украіны, яна паведаміла падчас сустрэчы з консулам Украіны ў РФ Генадзем Браскаленка.

«Надзея Саўчанка пацвердзіла, што без яе згоды яна была незаконна вывезена з тэрыторыі Украіны з мехам на галаве і ў кайданках. Пры гэтым выкрадальнікі змянілі некалькі машын», — гаворыцца ў паведамленні.

У прэс-службе дадалі, што, пратэстуючы супраць незаконнага вывазу ў іншую краіну і патрабуючы сустрэчы з консулам, украінская лётчыца абвясціла галадоўку. У сувязі з тым, што да яе дапусцілі консула, яна галадоўку спыніла.

Як вядома, украінскі бок дзевяць разоў атрымліваў адмову ў сустрэчы з Саўчанка.

31-гадовая лётчыца ваявала на ўсходзе Украіны ў складзе дабравольніцкага батальёна «Айдар» і ў чэрвені трапіла ў палон да незаконнага ўзброенага фарміравання пад горадам Шчасце Луганскай вобласці.

8 ліпеня яна апынулася ў Расіі ў варонежскім СІЗА.

У Следчым камітэце РФ заявілі, што Саўчанка перасекла мяжу з Расеяй без дакументаў пад выглядам бежанкі і была затрыманая ў адным з населеных пунктаў для высвятлення асобы, пасля чаго высветлілася, што яна з'яўляецца падазраванай па справе аб забойстве расійскіх журналістаў пад Луганскам.

9 ліпеня ёй было афіцыйна выстаўлена абвінавачанне ў судзеянні ў забойстве. Абласны суд пакінуў яе пад вартай да 30 жніўня.

Еўрапейскі суд па правах чалавека 15 ліпеня пачаў вытворчасць па справе Саўчанка супраць Расеі, надаўшы справе статус прыярытэтнай.