Агрэсіўны пасажыр у мінскім трамваі бравіраваў сімволікай «ДНР»
17.07.2014 / 20:48
У сталічным транспарце быў заўважаны агрэсіўны пасажыр у майцы з эмблемай тэрарыстычнай арганізацыі. Пра гэта паведаміў Франак Вячорка.
«Сёння днём я сеў у трамвай і ўбачыў, што мужчына мажнага целаскладу крычыць на гурт дзяцей. Яны нічога дрэннага не рабілі, а проста шумелі, як многія дзеці. Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, крычаў на іх і выхавацельку.
Самае цікавае, што на ім была майка «Данецкая народная рэспубліка».
Многія здымалі гэта на тэлефоны, у тым ліку і я. Калі ён гэта ўбачыў, то пачаў чапляцца да мяне і называць мяне «бандэраўцам». У адказ на гэта я сказаў, што ён сепаратыст. Мы лаяліся пару хвілін, потым я выйшаў, а ён мне прыгразіў кулаком і сказаў, што знойдзе мяне.
Я не ведаю, хто ён паводле нацыянальнасці, але само знаходжанне чалавека ў майцы з гэтай сімволікай абуральнае.
У той час, як у Беларусі садзяць у турму за нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» — па горадзе спакойна ездзіць чалавек з сімволікай тэрарыстаў», — распавёў Франак Вячорка.
Варта адзначыць, што эмблема самаабвешчанай «ДНР» на майцы пасажыра намаляваная няправільна.