Абама ўпэўнены, што Расія кіруе тэрарыстамі на Данбасе
21.07.2014 / 20:40
Прэзідэнт ЗША Барак Абама абвінаваціў Расію ў тым, што яна ўзброіла і навучыла ваяваць тэрарыстаў на Данбасе, якія не дапускаюць міжнародных экспертаў да збітага Boeing-777.
Пра гэта ён заявіў падчас свайго выступу ў Вашынгтоне перад прэсай сувязі з перашкаджэннем тэрарыстамі міжнароднаму расследаванню крушэння Боінга на ўсходзе Украіны.
«Расія і прэзідэнт Пуцін нясуць прамую адказнасць, каб заахвоціць іх (тэрарыстаў) супрацоўнічаць са следчымі. Гэта мінімум, што яны могуць зрабіць. Прэзідэнт Пуцін сказаў, што ён падтрымлівае поўнае расследаванне, але за гэтымі словамі павінны быць дзеянні. Расія павінна дамагчыся, каб сепаратысты перасталі гуляць з доказамі, далі следчым поўны доступ. Сепаратысты і іх расійскія спонсары адказныя за іх бяспеку. Сёння мы будзем працаваць над гэтым пытаннем у ААН», — заявіў Барак Абама.
Ён адзначыў, што міжнародныя следчыя ўжо знаходзяцца на месцы. «Што ім трэба, дык гэта поўны доступ, без прамаруджанняў. Каманда гатовая правесці расследаванне і знайсці загінулых, але прарасейскія сепаратысты працягваюць блакаваць следчых. Яны працягваюць не пускаць іх на месца, страляюць у паветра, калі следчыя набліжаюцца. Сепаратысты перасоўваюць доказы. І гэта выклікае пытанне, што яны спрабуюць схаваць? Такім паводзінам няма месца ў грамадзе нацый», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Паводле пераканання Абамы, Расія мае «надзвычайны ўплыў» на баевікоў. «Ніхто гэтага не адмаўляе. Яна іх трэніруе, узбройвае, уключаючы сістэмы, якія збіваюць самалёты, лідары сепаратыстаў — расійскія грамадзяне», — сказаў Абама. Ён лічыць, што «нашы саюзнікі заслугоўваюць ведаць, што адбылося, выявіць факты». «Мы павінны гарантаваць, што праўда будзе ўстаноўлена», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Адносна крызісу ва Украіне ў цэлым, Абама зноў падкрэсліў, што «аддае перавагу пошуку дыпламатычнага рашэння». «Я веру, што гэта можа адбыцца. Але калі Расія будзе працягваць парушаць суверэнітэт Украіны і падтрымліваць гэтых сепаратыстаў, а яны робяцца ўсё больш небяспечнымі, і зараз ужо не толькі для людзей ва Украіне, але і для міжнароднага таварыства, Расія толькі больш будзе ізаляваць сябе ад міжнароднай супольнасці, а кошт за такія паводзіны будзе толькі расці. Цяпер час для Пуціна і Расі — збочыць са шляху, якім яны цяпер ідуць», — дадаў Абама.