Меркель: Санкцыі ў дачыненні Расіі будуць узмацняцца

30.07.2014 / 10:14

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што вітае рашэнне Еўрасаюза ўвесці ў дачыненні да Расіі новы пакет абмежавальных мер. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Бундэсканцылярыі.

Па словах Ангелы Меркель, гэтыя меры, у залежнасці ад паводзінаў Расіі, могуць быць перагледжаны, у тым ліку і ўзмоцненыя.

«Зараз за расійскім бокам вырашаць, ці захоча ён пайсці шляхам дээскалацыі і супрацоўніцтва. Рашэнне ЕС пра санкцыі яшчэ можа быць перагледжана, але магчымыя і далейшыя крокі (ўзмацненне санкцый)», - заявіла Меркель.

Сайт нямецкага канцлера адзначае, што Нямеччына і яе партнёры ў ЕС рабілі ўсё магчымае, каб пазбегнуць цяперашніх жорсткіх санкцый і спрабавалі іншым чынам паўплываць на Расію, каб яна перагледзела палітыку ў дачыненні да Кіева. У паведамленні прыводзіцца пералік асноўных папераджальных санкцый, што прымяняліся з сакавіка.