Украінскі баец патлумачыў, чаму іх брыгада адступіла ў РФ: Нас адстрэльвалі з «Граду» дзясяткамі

05.08.2014 / 00:45

Баец 72-й асобнай механізаванай брыгады, якога разам з таварышамі вяртаюць ва Украіну з тэрыторыі Расіі патлумачыў, чаму ваенным давялося адступіць у РФ, паведамляе ТСН.

Баец распавёў, што адступленне на тэрыторыю Расіі стала вымушанай мерай, бо яго брыгада была цалкам адрэзаная на працягу 3-х тыдняў, не было, чым ваяваць, бракавала пітной вады.

«Больш за 3 тыдні знаходзіліся пад абстрэламі, усе спробы выйсці заканчваліся стратамі тэхнікі і асабістага саставу.

Тры тыдні спрабавалі выбрацца, усё стала заканчвацца — і боепрыпасы, і з вадзіцай пачаліся праблемы. Наша начальства пастаянна заяўляла — «мы вас выведзем, пацярпіце яшчэ суткі». Гэтыя размовы ні да чаго не прыводзілі», — кажа баец.

Па словах дэсантніка, ніхто з 438 вайскоўцаў не пагадзіўся застацца на тэрыторыі РФ.

Баец спадзяецца на аб'ектыўны разгляд іх справы вайсковым начальствам, бо іншага выхаду яны не бачылі, тым больш, што брыгада ўжо панесла вялікія страты.

«Мы нават не ведаем, колькі загінулых. Параненых вельмі шмат.

Самая шчаслівая 4-я рота — там адзін загінулы і адзін цяжкі», — распавядае дэсантнік.

Вінаватымі ў тым, што адбылося, 72-я брыгада лічыць кіраўніцтва АТА і работнікаў тылу, якія не дапамагалі з забеспячэннем.

Ежа ў байцоў была на працягу гэтага часу дзякуючы валанцёрам, якім аднойчы ўдалося дабрацца да пазіцый брыгады.

«З нашага боку тое, што мы пайшлі — гэта была не маладушнасць. Мы проста жывым шчытом стаялі. Нас адстрэльвалі аднаго за адным, а часта і дзесяткамі адначасова, калі «Град» адпрацоўваў па нас», — тлумачыць вайсковец.