Чыноўнікі жадаюць забараніць еўрапейскім кампаніям лётаць над Расіяй

05.08.2014 / 09:27

Расійскія чыноўнікі пачалі разглядаць магчымасць абмежаваць або зусім забараніць транзітныя палёты еўрапейскіх авіякампаній праз тэрыторыю Расіі. Пра гэта паведамляе газета «Ведомости» са спасылкай на сваю крыніцу.

Па словах крыніцы, гэтыя меры могуць стаць адказам на ўвядзенне санкцый супраць расійскага лаўкостара «Дабралёт» і некалькіх штрафаў у сукупным памеры каля 8,6 млн даляраў, якія ўкраінскія ўлады наклалі на авіякампаніі Расіі за рэйсы ў Крым.

Выданне адзначае, што канчатковае рашэнне застанецца за ўрадам Расіі, у прыватнасці за міністэрствамі транспарту і замежных спраў.

Між тым, прэс-сакратар прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева Наталля Цімакова заявіла, што такіх прапаноў ва ўрад не паступала.

Каб выкарыстаць кароткі Транссібірскі маршрут для палётаў з Еўропы ў Азію, замежныя авіякампаніі плацяць «Аэрафлоту», маючы магчымасць зэканоміць да 30 тысяч даляраў на кожным рэйсе. Сярод найбуйнейшых плацельшчыкаў лічацца такія авіякампаніі, як Lufthansa, British Airways і Air France.