Швейцарыя ўвяла санкцыі супраць 26 расіянаў і 18 кампаній

05.08.2014 / 11:54

5 жніўня Швейцарыя зрабіла больш жорсткімі санкцыі супраць Расіі. Забараняецца весці фінансавую дзейнасць з 18 расійскімі кампаніямі. Таксама ў санкцыйных спіс увайшлі 26 чалавек.

Пра гэта паведаміла выданне 20 minuten са спасылкай на Дзяржаўны аддзел эканамічных адносін Швейцарыі.

Аднак выданне не інфармуе, каго менавіта закранулі гэтыя санкцыі.

Яны ўступаюць у сілу ў аўторак 5 жніўня ў 18.00.

У канцы мінулага тыдня прадстаўнікі розных краін вялі перамовы са Швейцарыяй, каб яна далучылася да еўрапейскіх санкцый. Аднак Берн у афіцыйных заявах адмаўляўся гэта рабіць, тлумачачы такую пазіцыю сваім нейтралітэтам.