Расія адпусціла 5 затрыманых украінскіх афіцэраў

10.08.2014 / 08:21

Пяцёра ўкраінскіх афіцэраў, якія былі затрыманыя ў Расіі пасля пераходу мяжы, вернутыя ў ноч на нядзелю, 10 жніўня, на Украіну. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на сілавыя структуры Растоўскай вобласці.

Камандзір батальёна ўкраінскай 72-й брыгады і чацвёра яго падначаленых былі перададзеныя на пункце пропуску «Чарткова» ў Растоўскай вобласці.

Спачатку Следчы камітэт Расіі западозрыў ўсіх затрыманых вайскоўцаў у выкарыстанні фосфарных бомбаў супраць мірных жыхароў. У суботу афіцэраў адпусцілі пасля таго, як следчыя прыйшлі да высновы, што яны дзейнічалі па загаду вышэйстаячага камандавання і не рабілі прамых злачынстваў супраць насельніцтва.