У наступныя дні Беларусь будзе знаходзіцца ў зоне актыўных франтоў

14.08.2014 / 15:36

У бліжэйшыя суткі, 15 жніўня, атмасферныя франты з паўднёвага захаду Еўропы яшчэ захаваюць свой уплыў.

Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, ноччу па паўднёва-ўсходняй палове, днём у асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы.

У начныя гадзіны па паўднёва-ўсходняй палове краіны месцамі прагназуюцца моцныя залевы. Вецер няўстойлівы слабы, пры навальніцах парывісты, ноччу ў асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра гэтай ноччу складзе +12.. +19°С, заўтра днём тэмпература будзе вагацца ад + 21°С да +28°С. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.

У ноч на суботу пры павышаным фоне ціску істотных ападкаў па краіне не чакаецца, тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе 9.. + 16°С.

У начныя і перадранішнія гадзіны дзе-нідзе можа згушчацца туман. Днём малаактыўны франтальны раздзел выкліча месцамі па краіне кароткія навальнічныя дажджы, максімум тэмпературы будзе вагацца ад 20 да 27° цяпла.

У нядзелю чарговы атмасферны фронт з Заходняй Еўропы прынясе на большую частку Беларусі кароткачасовыя дажджы, месцамі чакаюцца навальніцы, дзе-нідзе па паўднёвым усходзе дажджы будуць інтэнсіўнымі. Тэмпературны фон істотна не зменіцца: ноччу +10.. + 17 °, днём +19.. + 26°/