КДБ просіць паведамляць пра спробы вярбоўкі ў «народнае апалчэнне Данбаса»?

17.08.2014 / 16:18

КДБ распаўсюдзіў па СМІ і сацыяльных сетках папярэджанне аб небяспецы вярбоўкі грамадзян Беларусі прадстаўнікамі «сепаратыстаў» Данбаса, паведамляе радыё «Свабода».

«Апошнім часам пачасціліся выпадкі спроб вярбоўкі неўстаноўленымі асобамі грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе «народнага апалчэння» непрызнаных рэспублік паўднёвага ўсходу Украіны. Дадзеныя асобы пры гэтым могуць апеляваць да вашых патрыятычных пачуццяў, а таксама абяцаць значнае грашовае ўзнагароджанне», — гаворыцца ў папярэджанні.

КДБ нагадвае, што баявыя дзеянні на тэрыторыі суседняй сяброўскай дзяржавы не падтрымліваюцца прэзідэнтам і ўрадам Рэспублікі Беларусь, а таксама папярэджвае грамадзян аб крымінальнай адказнасці па артыкуле «найміцтва» — ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці, паводле беларускага заканадаўства.

Пра выпадкі такой вярбоўкі просяць паведамляць на тэлефон даверу КДБ.

Пазней з'явілася інфармацыя, што КДБ не мае дачынення да такіх абвестак.