Брэсцкія мытнікі канфіскавалі амаль 40 тон свежых персікаў

18.08.2014 / 21:20

Супрацоўнікі Брэсцкай мытні 16 жніўня ў рэспубліканскім пункце мытнага афармлення «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы канфіскавалі 39,5 тоны свежых персікаў.

Як паведамілі у прэс-групе мытні, фрукты перавозіліся з Бельгіі ў Казахстан у двух аўтамабілях «Вольва», якімі кіравалі беларускія экспедытары. 

У выніку правядзення аперацый мытнага кантролю было ўстаноўлена, што ў таварасуправаджальных дакументах кошт тавару значна заніжаны. 

У сувязі з падаваннем дакументаў з няпэўнымі звесткамі пра кошт тавару, якія паслужылі б падставай для памяншэння памераў выплаты мытных пошлін і падаткаў, персікі канфіскаваныя да рашэння суда. Паводле папярэдняй ацэнкі, іх агульны кошт больш за 700 млн рублёў. 

Мытняй распачатыя адміністрацыйныя працэсы. Да рашэння суда канфіскаваны тавар змешчаны на адказнае захоўванне ў адным з гандлёвых прадпрыемстваў Брэста.