Пуцін узнагародзіў дэсантную дывізію крымскіх «зялёных чалавечкаў»

19.08.2014 / 11:10

Указ 571 размешчаны на афіцыйным сайце прэзідэнта Расіі 18 жніўня.

76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая Чарнігаўская Чырвонасцяжная дывізія ўзнагароджаная «за паспяховае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым асабістым складам мужнасць і гераізм».

Раней паведамлялася, што менавіта гэтая дывізія захоплівала Крым пад выглядам «ветлівых людзей». 

Як заяўляў кіраўнік Пскова, дзе базуецца дывізія, Іван Цацэрскі, пскоўскія дэсантнікі прымалі ўдзел у захопе Крыма. Пра гэта ён паведаміў 14 чэрвеня на святкаванні Дня Расіі. 

Нагадаем, першапачаткова Пуцін адмаўляў ўдзел расійскіх вайскоўцаў у анэксіі Крыма. У сярэдзіне красавіка расійскі прэзідэнт упершыню заявіў, што «за спінай сіл самаабароны Крыма карэктна, але рашуча і прафесійна дзейнічалі расійскія вайскоўцы».