Распрацавана стратэгія ўдасканалення якасці грамадскага транспарту Мінска на 2015—2020 гады
19.08.2014 / 18:42
У Мінску распрацавана стратэгія ўдасканалення якасці грамадскага транспарту на 2015—2020 гады, і цяпер фарміруецца план мерапрыемстваў на 2015 год.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 19 жніўня паведаміў дырэктар Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый Важнік.
Паводле яго слоў, адной з мэтаў канцэпцыі з'яўляецца дасягненне парытэту ў суадносінах выкарыстання мінчукамі асабістага і грамадскага транспарту. Як адзначыў Важнік, больш за палову паездак жыхары сталіцы ажыццяўляюць на асабістых аўтамабілях, што з'яўляецца неспрыяльным фактарам для экалогіі горада.
Папулярнасць асабістага аўтатранспарту ў Мінску, на думку Важніка, звязаная з высокай хуткасцю перамяшчэння ў параўнанні з грамадскім транспартам. У прыватнасці, адзначыў спецыяліст, з улікам шляху да прыпыначнага пункта, часу чакання транспарту і прыпынкаў сярэдняя хуткасць паездкі на гарадской электрычцы складае 9 км/гадз, на аўтобусе — 10 км/гадз, на экспрэс-аўтобусе ці маршрутцы — 13 км/гадз, на метро — 14 км/гадз, на легкавым аўтамабілі — 26 км/гадз. У канцэпцыі закладзены мерапрыемствы па павелічэнні хуткасці перамяшчэння на грамадскім транспарце.
Аўтамабіль з'яўляецца таксама самым танным тыпам транспарту ў сталіцы. «Гэта фактычная сітуацыя, без уліку маргінальных затрат, звязаных з аварыйнасцю, экалогіяй, — растлумачыў Важнік. — Калі мы гэтыя страты дадамо, то сітуацыя выраўноўваецца, але гэтага мала для перамогі грамадскага транспарту».
Паводле слоў спецыяліста, згодна з канцэпцыяй, акупнасць грамадскага транспарту ў Мінску павінна быць не менш як 60%. Акрамя таго, у Мінску запланаваны мерапрыемствы па ўкараненні сістэмы платных парковак, што, як адзначыў Важнік, зробіць выкарыстанне асабістага транспарту нявыгадным, напрыклад, для паездкі на працу, бо ўладальнік будзе вымушаны на ўвесь дзень пакідаць свой аўтамабіль на платнай паркоўцы.
Канцэпцыя таксама скіравана на павелічэнне долі магістральнага транспарту, у прыватнасці гарадскіх электрычак, у структуры выкарыстання грамадскага транспарту, расказаў спецыяліст. «Калі мы гаворым пра энергаэфектыўнасць, то метро, якое перавозіць дзве тысячы чалавек, у адрозненне ад аўтобуса, у які змяшчаецца ад 100 да 200 пасажыраў, больш выгаднае», — адзначыў ён.