Не страляйце ў піяніста

У трансфармацыі кватэры ў краіну і ёсьць наша нацыянальнае адзінства. Магчыма, гэта ня хуткі працэс. Але, як заўважыў Кулінковіч, «мы зрабілі крок».

29.11.2007 / 15:53

Галоўнай тэмай абмеркаваньня ў беларускім інтэрнэце і шырэй — у «незалежным грамадзтве» — на мінулым тыдні стаў паход вядомых рок‑музыкаў у адміністрацыю прэзыдэнта і сустрэча Ігара Варашкевіча, Лявона Вольскага, Аляксандра Кулінковіча, Піта Паўлава і Алега Хаменкі з кіраўніком ідэалягічнага ўпраўленьня гэтай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім.

Музыкі высьвятлялі, чаму яны ў Беларусі забароненыя, чаму ня могуць даваць свае канцэрты і навошта створаны «чорныя сьпісы», куды ўнесены яны і многія іхнія калегі. Праляскоўскі прызнаў існаваньне «чорных сьпісаў», паабяцаў усе перашкоды спыніць і папрасіў ня граць на палітычных акцыях.

І тут пачалося…

Зрэшты, рэакцыю «незалежнага грамадзтва» нават абмеркаваньнем не назавеш. У той час, як адныя літаральна закідвалі музыкаў камянямі і пагражалі сьцерці са сваіх дыскаў іх песьні, іншыя «аналізавалі» наступствы падзеі, пераконваючы, што верыць Праляскоўскаму няма падставаў, і што ніхто нічога не дазволіць, а калі й дазволіць, дык музыкам давядзецца ўзгадняць тэксты песень з ідэолягамі… Словам, размова музыкаў з Праляскоўскім выклікала беспрэцэдэнтны шум. Як заўважыў Валянцін Акудовіч, «каб неба абрынулася на зямлю, то мы б не пачулі столькі енку, ляманту, стогну, праклёнаў, абурэньня і г.д.» Як адзначыў Аляксандар Кулінковіч, «за гэтыя два дні на нас вылілі вядро г…на, прычым рабілі гэта людзі, якія яшчэ ўчора нібыта зьяўляліся нашымі адданымі фанатамі».

Першае, што бянтэжыць у такой публічнай рэакцыі, гэта парушэньне ўсіх вядомых традыцыйных дачыненьняў публікі са сваімі песьнярамі. Яшчэ на Дзікім Захадзе ў кожным салуне на раялі ставілі таблічку: «Не страляйце ў піяніста». Дакладнае акрэсьленьне сытуацыі даў Анатоль Сыс у сваім вершы:

А падсумаваў гэтую думку Генадзь Бураўкін: «Мяжа ў адносінах улады і творцаў вызначаецца перш за ўсё ўсё‑такі творцамі».

На гэтым «ацэнку паводзінаў» музыкаў (а нічога новага ў гэтай ацэнцы няма) можна завершыць. Бо насамрэч, як нехта заўважыў, падзея сталася праверкай не для музыкаў, а для «незалежнага грамадзтва». Менавіта на сёньня выпаў час гэтай праверкі, мабыць, таму што грамадзтва да яе дасьпела, і нічога больш важнага для абмеркаваньня ў краіне не адбываецца.

Справа зусім не ў музыках. Яны сто разоў хадзілі да праляскоўскіх розных рангаў яшчэ за савецкім часам і хадзіць будуць — гэтага патрабуюць правілы гульні, заведзеныя ў нашай краіне. Без паходаў ані канцэрт ня зладзіш, ані праблемныя моманты ня здымеш. Так было і так яшчэ доўга будзе.

Акрамя таго — хадзілі ж раней на сустрэчы да Лукашэнкі і рэдактары незалежных выданьняў, і журналісты, і пісьменьнікі (ня толькі з тых, што цяпер у Саюзе ў Чаргінца). Але нічога падобнага да цяперашняй рэакцыі ў грамадзтве не было.

Мабыць, справа не ў музыках, а ў іх аўдыторыі? Якая ў сваёй бальшыні залічыла сваіх куміраў у рэвалюцыянэры.

Яны называюць рок‑музыкаў контркультурай, партызанамі духа, ледзь не Гаўрошамі з барыкад, каб тут жа зьвінаваціць іх у здрадзе гэтым барыкадам. Але ці не яны самі ў сваім уяўленьні загналі музыкаў ва ўласныя катакомбы, дзе самі даўно і пасьпяхова «акукліліся», а цяпер, калі музыкі падаліся ім ня тымі, за каго іх прымалі, давай кідацца камянямі?

Па сутнасьці з павелічальным шклом вы ня знойдзеце контркультуры ані ў «Крамбамбулі», ані ў «Народным альбоме», ані ў блюзах «Крамы», ані ў «Палаца». Гэта, перш за ўсё, шоў. Пасланьне разьлічанае на ўвесь народ, песьні — на тое, каб іх гралі і сьпявалі на вясельлях. У любых умовах. Літаратар ці філёзаф яшчэ можа пісаць пэўны час «у стол», мастак пэўны час можа абыходзіцца без афіцыйных выставаў, прадаючы карціны прыватным чынам, як гэта нярэдка здаралася за савецкім часам. Але што загадаеце рабіць музыкам, якія сьпяваюць на сваёй роднай мове? Запісваць альбомы на будучыню? Але ж іх творчасьць патрэбная менавіта сёньня, каб выгадавалася новае пакаленьне.

Бо ад таго, якім яно выгадуецца, залежыць і тое, як заўтра ў Беларусі будуць жыць усе. Забароны канцэртаў, «чорныя сьпісы», перашкоды на радыё і ТБ страшныя ня самі па сабе, а менавіта тым, што бяз гэтай музыкі новае пакаленьне па ўсёй Беларусі расьце кволым і пустым, мэркантыльным і запалоханым. Тым, каму сёньня ўтульна ў акопах, між іншым, якраз выгадна, каб фон іх акопнага камфорту захаваўся і заўтра. Але музыкам, для якіх няма бар’еру ані з публікай, ані з тым самым чынавенствам, навешанае на іх дабрадзеямі таўро пракажоных надта ж балюча цісьне і на горла і на душу.

І ўлада, і апазыцыя дазваляюць сабе быць крывадушнымі.

У музыкаў, якіх любіць публіка, права на хлусьню няма. І сёньня іх грамадзянская пазыцыя падказвае ім, што гэта яны, а ня ўлада і не апазыцыя, могуць і павінны выцягваць уласную нацыю з таго застою, у якім яна апынулася. А для гэтага трэба «з цэлым народам гутарку весьці».

Калі вы ўважліва прааналізуеце творчасьць, да прыкладу, Лявона Вольскага, вы заўважыце, што яна і складаецца з такіх зваротаў, зразумелых і прымальных для беларусаў, незалежна ад іх праўладнасьці або апазыцыйнасьці. Успомніце хаця б песьню пра Мінск і Менск, якая зрабілася папулярнай сярод самых розных людзей.

Апазыцыя ж хапае музыкаў за курткі, падцягвае да сябе, а яны вырываюцца, бо апазыцыя і грамадзянская пазыцыя ў нас даўно ня тое самае.

Беларусь стаіць перад патрэбай трансфармацыі старых структур і старых уяўленьняў. Ёй патрэбнае адзінства, каб выйсьці з застою. Праціўнікі гэтай думкі ёсьць і ва ўладзе, і ў апазыцыі. Але яны ўсё больш аддаляюцца ад народу і адчуваюць, што народ гэта бачыць.

Культура ня можа адседжвацца ў апазыцыі. Ня можа ў сваёй краіне сядзець у апазыцыі родная мова і нацыянальная ідэя. Бо гэта ўсё чыньнікі аб’яднаньня нацыі, без чаго нацыя рызыкуе не пераадолець тых зьнешніх і ўнутраных рыфаў, якія непазьбежна сустракаюцца на яе шляху.

Можна, вядома, зьвесьці ўсе свае прынцыпы і жаданьні да памераў уласнай кватэры і толькі там размаўляць па‑беларуску, Мінск называць Менскам, сядзець пад нацыянальным сьцягам з Пагоняй. Там вельмі лёгка быць «маральным палітыкам», бо ніводзін твой прынцып нікім не аспрэчваецца, яго папросту ніхто ня бачыць.

Але і мове, і ідэі, і Менску цесна ў кватэры, бо іх абсяг — уся Беларусь. У гэтай вось трансфармацыі кватэры ў краіну і ёсьць наша нацыянальнае адзінства. Магчыма, гэта ня хуткі працэс. Але, як заўважыў Аляксандар Кулінковіч, «мы зрабілі крок. Спадзяюся, што гэта крок ня ў прорву».

Урэшце самае галоўнае, што Беларусь — адна.

«Прыдумай сабе свой сьвет», — сьпявае Лявон Вольскі. Прыдумай і нясі яго сьвятло іншым, а не зашывайся ў ім сам, задаволены тым, што ўсяго дасягнуў.

Сымон Музыка, газэта Свабода