Справа «замежных шпіёнаў» за год так і не была перададзеная ў суд

Зняволены падчас следства ксёндз Лазар кажа, што галоўныя фігуранты былі яго прыхаджанамі: «Калі людзі не вінаватыя, то ўсё гэта подла і прымітыўна».

21.08.2014 / 09:46

Больш за год КДБ працягвае расследаваць справу аб шпіянажы.

Розгалас пра яе пайшоў летась у канцы ліпеня пасля выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра здрадніка, які «у спецслужбах служыў і праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з іншаземнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Гэтая інфармацыя на той момант выглядала здагадкай, яна не была пацверджаная следствам. Але праз некалькі дзён быў затрыманы ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар.

Вядома, што пра сітуацыю даведаўся нават Папа Рымскі Францішак.

Паўгода ксёндз Уладзіслаў правёў у СІЗА КДБ і ў выніку быў выпушчаны. А расследаванне па справе аб шпіянажы дагэтуль не завершанае. Хоць днямі з’явіліся чуткі, што яна ўжо перададзеная ў суд.

«Крымінальная справа ў дачыненні да ксяндза Лазара ў суд не трапляла», - кіраўнік прэс-службы Вярхоўнага суда Юлія Ляскова праверыла інфармацыю па абласных і іншых судах. - Калі б такая гучная справа знаходзілася ў нейкім судзе, то мы б пра гэта ведалі».

Еўрарадыё: А што наконт іншых спецслужбоўцаў, якіх абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы?

Юлія Ляскова: «Астатняе мне не вядома. У маёй кампетэнцыі толькі такую інфармацыю давесці да СМІ».

Цікавімся перспектывамі крымінальнай справы і ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

«Каментарыя на гэты конт не будзе. Калі з’явіцца нейкая інфармацыя, яна будзе даведзеная ва ўстаноўленым парадку», - абразае вуглы кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

Перыядычна наконт «справы Лазара» (хоць святар і выпушчаны з СІЗА а галоўнымі фігурантамі з’яўляюцца іншыя людзі, у СМІ замацавалася менавіта такая назва) з’яўляліся розныя меркаванні. Нехта лічыў, што арышт ксяндза - гэта спосаб націснуць на каталіцкую царкву. Еўрарадыё мела неправераныя звесткі пра тое, што па справе праходзіць некалькі абвінавачаных. А галоўны фігурант нібыта перадаваў замежнікам таемныя звесткі і вось-вось збіраўся пераехаць у іншую краіну. Гэтая інфармацыя не публікавалася, бо выглядала надуманай.

Сам ксёндз Лазар, якога пасля вызвалення з СІЗА адправілі служыць у Вілейку, падрабязнасці нікому не раскрывае.

«Я не хачу, каб з-за маіх слоў пацярпелі людзі. Прабачце, але мне было сказана не размаўляць на гэтую тэму», - так сустракае Еўрарадыё ксёндз Уладзіслаў. Але не праганяе з ганку плябаніі: не па-хрысціянску.

Аказалася, што галоўныя фігуранты сапраўды з’яўляліся прыхаджанамі касцёла, дзе служыў ксёндз Лазар. Цікавімся ў святара, за што менавіта яго затрымалі?

Ксёндз Лазар: «Справа вядзецца. Затрымалі, бо лічыцца, што калі вінаватая паства, то вінаваты і пастар. Але святар не пытаецца ў прыхаджан, хто яны, адкуль і якую пасаду займаюць. Калі людзі вінаватыя, то яны павінны адказаць. Але калі не вінаватыя, то тое, што адбываецца, - гэта наіўна, подла і прымітыўна».

Святар толькі ўсміхаецца на пытанні пра здароўе і нават не распавядае пра мясцовы касцёл, бо «не з’яўляецца тут рэзідэнтам». Выглядае, што ў Вілейцы ён — своеасаблівы закладнік на час следства, калі так можна фармуляваць думку, звязаную з гэтым мілым мястэчкам. 

Дагэтуль незразумелы статус ксяндза Лазара ў «шпіёнскай справе».

Паводле адных звестак, ён дагэтуль з’яўляецца абвінавачаным, бо быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Паводле іншых, усе абвінавачванні былі знятыя. Не валодае пытаннем нават выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько, які нядаўна «сустракаўся з мітрапалітам і інфармацыі на гэты конт не атрымаў».

Разумеем прынамсі, што вытворчасць па крымінальнай справе ідзе. Але зацягнутыя тэрміны расследавання сведчаць, што з даказваннем віны «шпіёна» маглі ўзнікнуць праблемы.

Зрэшты, гісторыі з «беларускімі шпіёнамі», якіх ідэнтыфікавалі ў Польшчы, таксама выглядаюць неадназначна.

Сёлета ў сакавіку польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі паведаміла пра дваіх такіх нашых «Джэймсаў Бондаў». Абодва мелі фотаздымкі вучэбнага цэнтра NATO у Быдгашчы і, як паведамлялася, збіраліся перадаць іх у Расію. Адзін з гэтых шпіёнаў, як пісалі польскія СМІ, быў ваенным аташэ беларускай амбасады. Здымкі нібыта зрабіў сам. Яго дэпартавалі. Другі аказаўся 34-гадовым выкладчыкам гродзенскага ВНУ. Ён дэманстратыўна фатаграфаваў вучэбны цэнтр з суседніх дамоў. Прадстаўнікі польскіх спецслужбаў выказвалі журналістам меркаванні, што «шпіён» паводзіў сябе так, нібы сам хацеў звярнуць на сябе ўвагу.