У Мінску ідзе чэмпіянат па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка
23.08.2014 / 21:15
У гэтыя выхадныя, 23 і 24 жніўня, у сталіцы Беларусі праходзіць адкрыты чэмпіянат краіны па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка Cubing fest 2014. У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі сабралася больш за сто чалавек з Польшчы, Украіны, Расіі і Беларусі. Удзельнікі збіраюць традыцыйны кубік Рубіка (3x3x3), а таксама спаборнічаюць у падобных 17 дысцыплінах, у тым ліку, збіраючы кубік адной рукой ўсляпую. Ёсць звесткі, што гэтым захапленнем «хварэюць» 30 тысяч жыхароў планеты.
Суддзя спаборніцтваў - кандыдат у дэлегаты Сусветнай асацыяцыі кубіка (World Cube Association) Ілля Цярэшка з Брэста. Ён расказаў БелаПАН, што спідкубінг можна разглядаць як цікавае хобі. У ім ёсць аднадумцы, дзякуючы якім спаборніцтвы праводзяцца ў розных краінах свету. Гэта дае магчымасць сумяшчаць захапленне з вандроўкамі. Прафесіяналы збіраюць кубік хутчэй, чым за дзевяць секунд, пачаткоўцам неабходна ад двух хвілін і больш. Беларусы пакуль не дабраліся да сусветнага пастамента, аднак паступова даганяюць іншыя краіны.
Дарэчы, кожны ахвотны можа прыйсці ў гэтыя дні ў палац і павучыцца спідкубінгу. Уваход вольны. Для гасцей і ўдзельнікаў працуе выстава галаваломак.
У сусветнай базе асацыяцыі будуць зафіксаваны ўсе рэкордныя вынікі удзельнікаў.