Парашэнку з Днём Незалежнасці павіншавалі Абама, Лукашэнка, Папа Францішак, каралева Брытаніі, але не Пуцін

24.08.2014 / 17:55

Reuters.com

Прэзідэнт ЗША, каралева Вялікабрытаніі, Папа Францішак, прэзідэнты Польшчы і Беларусі, а таксама лідары яшчэ шэрагу краін павіншавалі прэзідэнта Пятра Парашэнку з Днём Незалежнасці Украіны.

Адначасова пра віншаванне прэзідэнта суседняй Расіі Уладзіміра Пуціна па стане на 17 гадзін нічога не вядома.

У віншаванні прэзідэнта ЗША Барака Абамы, у прыватнасці, сказана:

«І ў лепшыя часы, і ў самыя складаныя моманты людзі ва Украіне павінны ведаць, што Злучаныя Штаты з'яўляюцца партнёрам і сябрам. Мы рашуча падтрымліваем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, мы рашуча падтрымліваем права Украіны выбіраць сваю ўласную будучыню».

Папа Францішак пажадаў украінцам дабрабыту і міру.

«У цяперашняй сітуацыі я хачу пажадаць, каб украінскі народ змог прытрымлівацца дарогі развіцця, прымірэння і міру. Прашу Усемагутнага Бога, каб Ён шчодра блаславіў усіх жыхароў краіны, а таксама кіраўнікоў, дорачы ім ласку жыць у згодзе і братэрстве», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Шчыра даражу ўзаемаразуменнем, якое ўстанавілася паміж намі, і буду рады прадаўжэнню канструктыўнага дыялогу, накіраванага на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай».

Акрамя таго, прэс-служба прэзідэнта Украіны паведаміла, што Парашэнку з нацыянальным святам павіншавалі каралі Іспаніі Феліпэ VI і Швецыі Карл XVI Густаў, імператар Японіі Акіхіта, прэзідэнты Аўстрыі Хайнц Фішэр, Славакіі Андрэй Кіска, Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, Казахстана Нурсултан Назарбаеў, Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Харватыі Іва Ёсіпавіч, Партугаліі Анібала Каваку Сілва ды інш.