Лукашэнка — Парашэнку: Беларусь зацікаўлена ў нармалізацыі абстаноўкі ва Украіне

26.08.2014 / 14:08

Беларусь зацікаўлена ў нармалізацыі становішча ва Украіне. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Вітаючы ўкраінскага госця, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Пятро Парашэнка не аднойчы наведваў Беларусь яшчэ будучы ў ранейшых пасадах. «Ужо пасля абрання вас прэзідэнтам у нас адбыўся кароткі дыялог, але прынцыповы і вельмі важны. І я пра гэта сёння скажу, бо занадта шмат гавораць пра сустрэчу і пра тое, што нехта сабе піяр-кампанію робіць», — сказаў Лукашэнка.

«Гэта была ваша прапанова сабрацца без усялякага там навалу, без бухты-барахты прымаць рашэнні пасля заключэння пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, разабрацца ў сітуацыі. Вось і ўвесь піяр. Гэта была прапанова прэзідэнта Украіны, вы мяне папрасілі давесці гэта да маіх калег. Я быў выканаўцам. Я ўсё зрабіў для таго, каб давесці да іх ваш пункт гледжання, і вось — адпаведная рэакцыя з боку членаў Мытнага саюза», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз падкрэсліў: «Калі б не было вашай волі, і нават у апошнія дні мы пра гэта з вамі часта гаварылі па тэлефоне, не было б сёння гэтай сустрэчы.

Гэта сведчыць аб тым, што Украіна вельмі зацікаўлена, каб на ўкраінскай зямлі, у цэнтры Еўропы была нармальная сітуацыя і становішча, а ў Беларусі тым больш у гэтым зацікаўленыя. Вы ведаеце нашу пазіцыю».