Генпракурор: Расійскі гуманітарны канвой не вывозіў абсталяванне з украінскіх заводаў

27.08.2014 / 15:58

Генеральны пракурор Віталь Ярэма заявіў, што старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Мікалай Літвін запэўніў яго, што расійскі гуманітарны канвой не вывозіў з Украіны абсталяванне са стратэгічных прадпрыемстваў на Данбасе.

«Я асабіста размаўляў падчас святкавання Дня незалежнасці [24 жніўня] са старшынёй памежнай службы Літвіным, і ён мяне запэўніў, што ніводнае абсталяванне не вывозілася».

Спадар Ярэма таксама параіў журналістам звярнуцца па каментар да старшыні памежнай службы.

Раней у Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны заяўлялі, што на грузавіках, якія перавозілі гуманітарны груз з Расіі на ўсход Украіны, вывозіцца дэмантаванае абсталяванне са стратэгічных прадпрыемстваў Луганскай і Данецкай абласцей.