Прыватная рэзідэнцыя мільянера Тапузідзіса на Нарачы ФОТЫ
Бізнэсмен браўся пабудаваць на возеры гатэль і водны цэнтр.
06.09.2014 / 10:42
Нарачанскі край — адно з самых маляўнічых месцаў у Беларусі. Штогод сюды прыязджаюць на адпачынак тысячы людзей. Турыстычны патэнцыял найбуйнейшага возера краіны дагэтуль не вычарпаны.
Улады ўзяліся за Нарач яшчэ ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, калі была прынятая Дзяржаўная праграма экалагічнага аздараўлення возера на 2005—2008 гады. Пасля яе завяршэння і частковага выканання быў сфармуляваны чарговы дакумент — Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады. Яе рэалізацыю ацанілі ў $140 мільёнаў.
Дзве траціны ад гэтай сумы выдзялілася з бюджэту, рэшту мусілі дакласці прыватнікі. Напрыклад, кампанія «Лект» бізнэсмена Андрэя Балабіна (яму належыць сетка крамаў тэхнікі «Пяты элемент») збіралася будаваць турыстычны комплекс у пасёлку Нарач, брокерскае аддзяленне «Атлант-М» — базу адпачынку на возеры Вялікія Швакшты.
А вось участак пад забаўляльны водны цэнтр аддалі «Тытунь-Інвесту». У ліпені 2010 года Аляксандр Лукашэнка прыязджаў на Нарач, каб агледзець пляцоўку пад аб’ект. Для заснавальніка кампаніі, мільянера Паўла Тапузідзіса была арганізаваная сустрэча з кіраўніком дзяржавы. Бізнэсмен паказаў яму макет будучага воднага цэнтра.
Што было ў тым праекце? «Тут плануецца пабудаваць гасцявыя дамкі (кожны на чатыры сям'і) у стылі XIX стагоддзя, а таксама стварыць цэнтр дайвінгу, аэраклуб», — пісала па выніках сустрэчы БелТА. «Гэта менавіта тое, што патрэбна для адпачынку людзям», — падсумаваў тады Лукашэнка і прызнаўся, што сам з задавальненнем адпачыў бы ў такім месцы.
У выніку ў праект развіцця Нарачы на 2011—2015 гады запісалі, што «Тытунь-Інвест» пабудуе гатэль і забаўляльны водны цэнтр агульным коштам $15 мільёнаў.
Час ішоў, а ніякай інфармацыі пра ход будаўніцтва не было. А вось чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра актыўнасць «Тытунь-Інвеста» ў нарачанскім краі.
«Там час ад часу лётаюць на белым верталёціку, катаюць па возеры вісклявых дзевак на банане за катарам ды перыядычна зліваюць памыі ў возера, ад чаго смурод даходзіць аж да суседняй вёскі. Пры гэтым, «прыватызаваўшы» здаравенны кавалак узбярэжжа ў Нарачанскім запаведніку», — скардзіліся ў Рэдакцыю.
Няўжо водны цэнтр ужо адкрыўся? У кампаніі «Тытунь-інвест» доўга нават не маглі зразумець, пра які аб’ект ідзе гаворка.
Як высветлілася, Павел Тапузідзіс так і не пачаў будаўніцтва, пра якое абяцаў Аляксандру Лукашэнку. Мясцовыя ўлады чакалі год за годам, але марна. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Леанід Берняковіч патлумачыў, што сёлета вясной участак быў адабраны ў інвестара.
Тады дзе ж мільянер «лётае на белым верталёціку»?
Калі Тапузідзіс запісваўся ў інвестыцыйную праграму Нарачы, ён ужо быў у фаварытах у мядзельскага кіраўніцтва.
За год да сустрэчы з Лукашэнкам на курорце бізнэсмен атрымаў зямлю на возеры Мядзел, суседнім з Нараччу. На гэтых 90 сотках каля вёскі Валочак «Тытунь-Інвест» сабраўся будаваць аздараўленчы комплекс. Зямля дасталася на самым беразе — частка ў прыбярэжнай паласе, рэшта ў водаахоўнай зоне.
Колькі каштаваў Тапузідзісу гэты ўчастак?
Магчыма, у дакументы Нацыянальнага кадастравага агенцтва закралася прыкрая абдрукоўка, пакуль што там пазначана, што «Тытунь-Інвест» штогод плаціць за зямлю «,87 USD». Акурат так, з коскай на пачатку. Альбо там 0 у пачатку, альбо нешта іншае.
Тэрмін арэнды склаў традыцыйныя 99 гадоў.
Турысту патрапіць на таямнічую тэрыторыю немагчыма. Гравійка да Тапузідзіса вядзе ад трасы Р27 «Мядзел—Браслаў». Збоку застаецца возера Рудакова з базай адпачынку, якую марна спрабуе прадаць праз аўкцыён кампанія «Амкадор», пасля даводзіцца праехаць міма вёскі Валочак.
Чым бліжэй да пункта прызначэння, тым больш забаронаў. «Праезд забаронены». Пасля «Уезд забаронены». А нарэшце яшчэ і «Стоп», у дадатак да шлагбаума. Тых, хто ўсё ж прарвецца, чакае трохметровы плот. За ім — нібы не душы.
Мала што могуць расказаць пра новых суседзяў і вяскоўцы. Хоць пра тое, што там пабудаваўся менавіта «Тытунь-Інвест», ведаюць усе.
Дамы аднавярховыя, не разлічаныя на вялікую колькасць наведвальнікаў.
Застаецца зазірнуць на закрытую тэрыторыю з паветра. На спадарожнікавым здымку відаць тры будынкі. Дарэчы, усе яны аднапавярховыя. Гасцей сустракае корпус для аховы і іншага персаналу. Услед за імі два жылыя збудаванні, а таксама альтанкі.
Уявіць, што гэта насамрэч аздараўленчы комплекс, складана, хоць абодва будынкі і аформленыя «для лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных мэтаў». Меншага з іх (на спадарожнікавым фота злева) наўрад ці хапіла б пад працэдурныя кабінеты, па плошчы ён як трохпакаёўка. Дый большы дом разлічаны хутчэй на вялікую сям’ю, чым на плынь адпускнікоў. Інфармацыі пра базу няма ні ў спісах турыстычных аб'ектаў, ні сярод медыцынскіх установаў.
Калі глядзець на базу з процілеглага боку возера, бачны спуск да вады і бел-чырвона-белы катар.
Няўжо замест воднага цэнтра і аздараўленчага комплексу «Тытунь-Інвест» пабудаваў толькі прыватную рэзідэнцыю ў водаахоўнай зоне Мядзела?
***
Павел Тапузідзіс у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі займае 4-е месца.
Нарадзіўся 12 верасня 1956. Мае грэцкія карані, дзяцінства правёў у Грузіі. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў па выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Ягоны «Тытунь-Інвест» — адзіная прыватная кампанія на цыгарэтным рынку. Бізнэс асаблівы, рашэнне аб тым, каб аддаць яго Тапузідзісу было прынятае на найвышэйшым узроўні.
Другі галоўны бізнэс — сетка гіпермаркетаў «Карона», прадстаўленая ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Віцебску і Салігорску. У склад гандлёвых цэнтраў уваходзяць крамы тэхнікі «Карона-Тэхна» і крамы адзення «Модны Мол».
Гадлёва-забаўляльны цэнтр «Замак», які знаходзіцца насупраць Палаца Незалежнасці, — найбольшы ў краіне, на ягоным верхнім паверху нават адкрытая лядовая арэна.
На беразе Заслаўскага водасховішча адкрыў элітны «Робінсан Клаб» — гатэль, рэстаран, клуб і спацэнтр. Наведнікам прапануюць прагулкі на верталёце.
«Робінсан-Клаб»
У часе прэзідэнцкай кампаніі-2010 Павел Тапузідзіс быў старшынём камісіі на адным з мінскіх выбарчых участкаў.
Жонка Ірына ўзначальвае дабрачынны фонд «Крыніца дабрыні».
* * *
Гісторыя поспеху Паўла Тапузідзіса