Грыбаўскайце: Расія фактычна ваюе з Еўропай

30.08.2014 / 19:57

Сёння Расія фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Еўропай.

Такую заяву зрабіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, прыбыўшы на саміт ЕС у Бруселі.

«Цяпер Расія фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Украінай — краінай, якая імкнецца да больш блізкай інтэграцыі з ЕС. Такім чынам, думаю, можна сцвярджаць, што Расія сёння знаходзіцца ў стане вайны з Еўропай», — сказала яна.

Паводле пераканання прэзідэнта Літвы, ЕС павінен дапамагчы Украіне ў першую чаргу «ваенным абсталяваннем».

Грыбаўскайце назвала санкцыі ЕС «занадта агульнымі» і выказала надзею, што НАТА прадаставіць Украіне вялікую дапамогу.

Паводле яе слоў, вялікай памылкай ЕС з'яўляецца тое, што цяперашнія санкцыі тычацца толькі будучых кантрактаў з Расіяй, а не ўжо існых.

«Нам варта перастаць падманваць сябе і слухаць хлусню Пуціна», — сказала Грыбаўскайце.

Нагадаем, падчас прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы прэзідэнт Еўракамісіі Барозу заявіў, што ЕК падрыхтавала дзяржавам-сябрам варыянты адносна санкцый супраць Расіі.