Захад у пятніцу абвесціць пра новыя санкцыі супраць Расіі
05.09.2014 / 08:05
AFP
Заходнія краіны рыхтуюцца зрабіць больш жорсткім рэжым санкцый супраць Расіі з-за палітыкі Масквы ў адносінах да Украіны.
На гэты раз санкцыі распаўсюдзяцца на расійскую абаронную прамысловасць, дзяржаўныя банкі, энергетычны сектар і набліжаных прэзідэнта Пуціна.
Прадстаўнік урада Вялікабрытаніі заявіў, што ЕС і ЗША абвесцяць пра новыя санкцыі ў пятніцу. «Мы працягнем аказваць ціск на Пуціна з тым, каб прымусіць яго сесці за стол перамоваў і пакінуць поле бою», — сказаў ён.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд паведаміў, што еўрапейскія лідары абвесцяць пра новыя санкцыі ў пятніцу «і прыменяць і калі не будзе дасягнута ніякага прагрэсу, але ўсё залежыць ад таго, што адбудзецца ў бліжэйшыя гадзіны».
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што дамоўленасць аб спыненні агню можа быць дасягнута ў пятніцу.
Па словах Парашэнкі, усё залежыць ад вынікаў перамоваў у Мінску, якія пройдуць у Прэзідэнт-гатэлі, паміж прадстаўнікамі Украіны, Расіі, АБСЕ і сепаратыстаў з усходу Украіны.
СМІ паведамляюць, што самі сепаратысты заяўляюць, што абвесцяць пра спыненне агню ў 14:00, калі ў Мінску будзе дасягнута дамоўленасць аб мірным урэгуляванні.