У Лепельскім раёне паляк на фуры забіў расейца на легкавіку

05.09.2014 / 10:48

Прычынай ДТЗ стала разгерметызацыя аднаго з колаў грузавого аўтамабіля. Увечары 3 верасня 56-гадовы грамадзянін Рэспублікі Польшча кіруючы аўтамабілем «ДАФ» з паўпрычэпам рухаўся па аўтадарозе Мінск — Віцебск. На 135-м кіламетры дарогі, у Лепельскім раёне, адбылася разгерметызацыя левага пярэдняга кола фуры. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з»Таётай Камры», за рулём якой быў 41-гадовы расіянін.

У выніку ДТЗ кіроўца «Таёты» памёр ад атрыманых траўмаў падчас дастаўкі ў медыцынскую ўстанову, паведамляе прэс-служба МУС РБ.

ГАІ паведамляе, што ў апошні час пачасціліся дарожныя здарэнні з цяжкімі наступствамі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца грамадзяне іншых дзяржаў. Як правіла, гэта нашы суседзі - расіяне.

За 7 месяцаў гэтага года ў 75 ДТЗ па віне вадзіцеляў транзітных транспартных сродкаў загінулі 11 чалавек, 94 атрымалі раненні. У пяці выпадках ДТЗ здзейсненыя па віне замежных грамадзян у стане ап'янення. Але асноўная прычына такіх здарэнняў - невыкананне кіроўцамі рэжыму працы і адпачынку. З'езды ў прыдарожныя кюветы, перакульванні, выезды на паласу сустрэчнага руху, як правіла, адбываюцца з-за заснулых кіроўцаў.

Улад Швядовіч