Google укладзе $750 млн у распрацоўку «эліксіру маладосці»

05.09.2014 / 11:06

У праекце задзейнічаны каля 100 навукоўцаў. У даследаванні прымуць удзел тысячы людзей.

Кампанія Calico — падраздзяленне Google, якое спецыялізуецца на біятэхналогіях, — дамовілася з біяфармацэптычнай кампаніяй AbbVie аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і распрацоўкі метадаў лячэння ўзроставых захворванняў, у прыватнасці нейрадэгенератыўных расстройстваў.

Як паведамляе Forbes, фінансавая падтрымка праекта на пачатковым этапе складзе 250 млн даляраў з кожнага боку. У будучыні кампаніі ўкладуць у яго яшчэ па 500 млн даляраў. Такім чынам, агульныя інвестыцыі могуць скласці 1,5 млрд даляраў.

Сalico адкрые цэнтр у Сан-Францыска, які сканцэнтруецца на ранніх стадыях стварэння лекаў і на іх тэставанні. AbbVie возьме на сябе пазнейшыя этапы распрацоўкі прэпаратаў і збыт тых, якія прайшлі выпрабаванні.

Летам стала вядома аб глабальным праекце карпарацыі Google пад назвай Baseline Study, мэта якога - збор генетычнай і малекулярнай інфармацыі для складання найбольш поўнай карціны здароўя чалавека.

=У праекце задзейнічаны каля 100 навукоўцаў. У даследаванні прымуць удзел тысячы людзей. З дапамогай кантактных лінзаў Google, а таксама датчыкаў, распрацаваных навуковым падраздзяленнем Google X, навукоўцы будуць фіксаваць частату сардэчных скарачэнняў, рытм сэрца і ўзровень кіслароду ў крыві чалавека. Такім чынам навукоўцы плануюць сабраць сотні узораў чалавечых захворванняў на ранніх стадыях, якія затым будуць прааналізаваныя кампутарамі Google для вызначэння заканамернасцяў.

За ходам праекта сочаць назіральныя саветы вядучых медыцынскіх інстытутаў ЗША. Колькі часу будзе працаваць праект і калі навукоўцы прадставяць яго першыя вынікі - у Google не паведамляюць.