Кэмеран: ЕС увядзе санкцыі, нягледзячы на перамір'е

05.09.2014 / 20:19

Еўрапейскі саюз увядзе новыя санкцыі супраць Расіі, нягледзячы на заключанае сёння пагадненне аб спыненні агню.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран падчас саміту НАТА ва Уэльсе, паведамляе EUobserver.

У той жа час, паводле яго слоў, калі перамір'е сапраўды будзе доўжыцца, санкцыі могуць быць адмененыя.

«Будзьце ўпэўненыя — санкцыі будуць, як і планавалася», — сказаў Кэмеран.

Нагадаем, еўрапейскія СМІ паведамілі, што Еўрапейскі саюз мае намер узгадніць новыя эканамічныя санкцыі супраць Расіі ў пятніцу, аднак адкладзе іх імплементацыю.