Ці зьбіраюцца незалежніцкія сілы арганізоўваць пратэсты супраць візыту Пуціна ў Беларусь?

Адказваюць Лявон Баршчэўскі, Сяргей Папкоў, Іван Шыла, Вячаслаў Сіўчык.

06.12.2007 / 00:04

Лявон Баршчэўскі: «Візыт Пуціна ў Менск — трывожная навіна. Сустрэча будзе двухдзённай, гэта значыць, што нейкія пытаньні будуць вырашацца ноччу, а ў цёмны час робяцца толькі нядобрыя справы. Пуцін, найхутчэй, будзе спрабаваць прыціснуць Лукашэнку і пайсьці на ягоныя ўмовы. А іншай канцэпцыі, як уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, у Крамля няма. Шмат ужо хто забыўся на маніфэст Сініцына і Парфяновіча пра ўваходжаньне нашай краіны ў Расею, але ёсьць людзі, якія гатовыя зьдзейсьніць гэты плян. Пратэставаць безумоўна варта».

Сяргей Папкоў: «Мы ня можам ведаць, пра што будуць гаварыць Пуцін з Лукашэнкам. Гэта нейкія мышыныя дамоўленасьці. Такія візыты ніколі не прыносілі нічога добрага. Пагроза беларускай незалежнасьці існуе ад 1994 году. Калі ёсьць рашучая моладзь, якая гатовая пратэставаць падчас гэтых перамоваў, то мы гатовыя іх падтрымаць».

Іван Шыла: «Акцыі пратэсту ладзіць, безумоўна, патрэбна. Нешта падобнае «Малады фронт» ужо рабіў летась падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД у Менску».

Вячаслаў Сіўчык: «Я баюся гэтага візыту, бо ніхто ня ведае, дзеля чаго Пуцін едзе ў Менск. Гэтага ня ведаюць ні ва ўладных колах, ні ў апазыцыйных. Мяне насьцярожвае, што гэтая сустрэча будзе адбывацца напярэдадні лёсавызначальных для Расеі падзей — зьезду «Адзінай Расеі» і першага паседжаньня новага складу Дзяржаўнай Думы. Думаю, што ў менскай сустрэчы можа быць некалькі канчатковых варыянтаў разьвіцьця — ад нэўтральных да вельмі сумных для Беларусі, яе незалежнасьці. Калі ёсьць магчымасьць, то акцыі трэба ладзіць, як напярэдадні візыту, так і падчас яго».

Апытаў Зьміцер Панкавец