У магілёўскай краме ўзарвалася цацка

У выніку хімічны апёк вока атрымала жанчына. Забаўку прывезьлі з Масквы.

06.12.2007 / 09:58


52‑гадовая жыхарка абласнога цэнтра прыйшла ў краму прыглядзець падарункі да Новага года. Пакуль яна стаяла ля прылаўка, дзве маладыя прадавачкі забаўляліся незвычайнай цацкай. Як сведчыла кароткая інструкцыя на англійскай мове, трэба было пляскаць па невялікаму папяроваму пакунку, каб з яго вылятаў паветраны шарык.

Жанчына так і зрабіла. Аднак замест шарыка ёй у твар нечакана пырснула нейкая вадкасць і абпаліла вока. Давялося тэрмінова звярнуцца па дапамогу ў Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай дапамогі. Медыкі выявілі хімічны апёк рагавіцы вока і параілі шпіталізацыю. Пакупніца, праўда, вырашыла лячыцца амбулаторна.

Высвятленнем абставін гэтага незвычайнага здарэння займаецца міліцыя. Небяспечная цацка канфіскавана. Паводле прадавачкі, яе набылі ў расійскай сталіцы, аднак інфармацыі пра вытворцу цацкі і пастаўшчыка няма.

Бліжэйшым часам будзе зроблена экспертыза, якая дасць адказ — што за хімічнае рэчыва стала прычынай траўмы і наколькі яно сапраўды небяспечнае.

Гэта першы падобны выпадак у Магілёве. Хаця цацкі і іх бяспека для здароўя людзей — актуальная праблема. Тым больш, напярэдадні калядных і навагодніх святаў.

Сяргей Гутарэвіч, BulletinOnline.org