У Гродне п’янка скончылася забойствам роднай сястры

15.09.2014 / 21:19

Трагедыя адбылася ў ноч з 14 на 15 верасня.

Дзве родныя сястры, 34 і 35 гадоў, адзначалі 40-годдзе мужа старэйшай з іх. Аднак, выпіўшы, яны пасварыліся. У выніку малодшая з жанчын узялася за нож і нанесла некалькі ўдараў у жыццёва важныя органы сваёй сястры. «Хуткая» выратаваць пацярпелую ўжо не змагла.

Паралельна да справы падключыліся супрацоўнікі міліцыі. Падазраваную ўдалося затрымаць аператыўна: нецвярозая жанчына знаходзілася ў некалькіх дамах ад месца здзяйснення злачынства.

Астатнія дэталі будуць выяўленыя ў ходзе папярэдняга расследавання, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскай вобласці. Пакуль жа вядома, што падазраваная ў забойстве жанчына раней судзімая і з'яўляецца абавязанай асобай па так званым «18 дэкрэце»: гэта значыць, што раней яна была асуджаная за ўхіленне ад утрымання дзяцей. Зараз у дачыненні да яе ўзбуджаная крымінальная справа па факце забойства.

УШ