У Польшчы адкрылася зборачная вытворчасць «МАЗаў»

16.09.2014 / 09:31

У польскім горадзе Плоньску (Мазавецкае ваяводства) адкрылася зборачная вытворчасць грузавых аўтамабіляў з машынакамплектаў вытворчасці ААТ «МАЗ». Партнёрам выступіла польская кампанія «Гласпа-мотарс».

Як паведамляе пасольства Беларусі ў Польшчы, цырымонія адкрыцця вытворчасці адбылася 12 верасня, калі з канвеера сышоў першы грузавік, прызначаны для польскага рынку. З беларускага боку ў цырымоніі ўдзельнічалі пасол у Польшчы Аляксандр Авяр'янаў, генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» Віктар Асноўскі, з польскага — дырэктар кампаніі «Гласпа-мотарс» Пётр Опас.

На прадпрыемстве плануюць збіраць да 500 адзінак грузавой і пасажырскай тэхнікі ў год. Акрамя таго, у планах супрацоўніцтва ў галіне пастаўкі камплектуючых і запасных частак, павелічэнне долі лакалізацыі ў працэсе зборкі тэхнікі на тэрыторыі Польшчы і Еўрапейскага саюза.