Будынак Меджліса ў Сімферопалі атачылі аўтаматчыкі ў масках
16.09.2014 / 12:27
Будынак Меджліса крымскататарскага народа ў Сімферопалі атачылі ўзброеныя аўтаматчыкі ў масках. Яны нікога не пускаюць унутр і не кажуць, што адбываецца.
Да будынка пад'ехаў аўтазак. З крыніц у меджлісе ўдалося даведацца, што ўнутры сілавікі праводзяць ператрус.
Сілавікі загадалі ўсім журналістам, якія працуюць каля будынка меджліса, сысці, матываваўшы тым, што, паводле расійскага заканадаўства, прадстаўнікі СМІ не могуць знаходзіцца на месцы следчых дзеянняў.
Раніцай ужо прайшлі ператрусы ў кватэры члена Меджліса Эскендэра Барыева, а таксама ў доме старшыні Белагорскага рэгіянальнага меджліса Мустафы Асаба.
У ноч на панядзелак невядомыя людзі сарвалі ўкраінскі сцяг над будынкам Меджліса. У Меджлісе звязваюць новыя рэпрэсіі з нізкай яўкай сярод крымскіх татараў на нядзельных выбарах, прадстаўнічы орган крымскіх татараў заклікаў байкатаваць іх.