Праект рэзалюцыі Еўрапарламента заклікае да поўнай эканамічнай блакады Расіі
18.09.2014 / 07:58
У Еўрапарламенце заклікаюць зладзіць Расіі эканамічную блакаду і заахвочваюць краіны ЕС падтрымаць Украіну зброяй і ваеннай тэхнікай.
Пра гэта гаворыцца ў праекце рэзалюцыі Еўрапарламента, які будзе вынесены на галасаванне ў чацвер.
«Еўрапарламент прымае пад увагу той факт, што дзяржавы-члены на двухбаковым узроўні могуць надаць Украіне неабходнае ўзбраенне, тэхналогіі і ноу-хау ў сферы абароны і бяспекі; падкрэслівае, што такая магчымасць была ўхвалена на саміце НАТА ў Ньюпарце; лічыць, што ЕС павінен заахвочваць дзяржавы-члены дзейнічаць такім чынам», — гаворыцца ў адным з пунктаў рэзалюцыі.
Акрамя таго, у дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да ўзмацнення санкцый супраць Расеі.
«Еўрапарламент заклікае ЕС працягваць, пашыраць і рабіць больш жорсткімі санкцыі для дасягнення поўнамаштабнай эканамічнай блакады фінансавай і эканамічнай сфер Расіі, выключыць Расею з ядзернага супрацоўніцтва і сістэмы Swift, і накласці поўнае эмбарга на экспарт зброі ў Расію», — гаворыцца ў іншым пункце.
Акрамя таго, у рэзалюцыі вітаецца рашэнне французскага прэзідэнта Франсуа Аланда прыпыніць продаж двух «Містраляў».
Адначасова дакумент заклікае дзяржавы-члены разгледзець кампенсацыйныя меры і спосабы выкарыстання верталётаносца ў місіях ЕС, каб змякчыць фінансавыя страты для Францыі ў памеры больш як 1,2 мільярда еўра.
Таксама ў праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік забраць у РФ права праводзіць спаборніцтвы Формулы-1 восенню 2014 года і чэмпіянат свету па футболе ў 2018 годзе.
Разам з тым, у дакуменце таксама заклікаюць Расію «неадкладна вывесці ўсе свае вайсковыя сілы і сродкі з Украіны, спыніць патокі баевікоў і зброі ва ўсходнюю Украіну і пакласці канец прамой або апасродкаванай падтрымцы дзеянняў сепаратысцкіх сілаў на ўкраінскай зямлі».