Генпракуратура Украіны адказала на абвінавачванні СКР у генацыдзе

30.09.2014 / 08:02

Reuters.com

Генеральная пракуратура Украіны пачала крымінальную вытворчасць у дачыненні да шэрагу службовых асоб Следчага камітэта Расіі.

Рашэнне стала адказам на завядзенне Следчым камітэтам Расіі крымінальнай справы аб генацыдзе рускамоўнага насельніцтва на паўднёвым усходзе Украіны.

У Кіеве палічылі дзеянні СКР умяшальніцтвам у сваю дзейнасць.

«Шляхам арганізацыі беспадстаўнага крымінальнага пераследу ажыццяўляецца незаконнае ўмяшальніцтва ў дзейнасць праваахоўных органаў Украіны, узброеных сіл Украіны», —гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры Украіны.

У ведамстве не ўдакладняюць, у дачыненні да якіх службовых асоб з СКР распачата крымінальная вытворчасць.

Крымінальная вытворчасць адкрыта па артыкулах «садзейнічанне тэрарыстычнай арганізацыі, умяшальніцтва ў дзейнасць работніка праваахоўнага органа» і «ўмяшальніцтва ў дзейнасць дзяржаўнага дзеяча.

Раней Следчы камітэт Расіі завёў крымінальную справу аб генацыдзе рускамоўнага насельніцтва на паўднёвым усходзе Украіны, дзе, як сцвярджае расійскі бок, пачынаючы з красавіка 2014 прадстаўнікі палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны аддавалі загады, накіраваныя на поўнае знішчэнне менавіта рускамоўных грамадзян.