Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч
архіўны матэрыял
23.04.2015 / 17:10
Памочніца Аляксандра Лукашэнкі Наталля Пяткевіч была адпраўленая ў адстаўку ў кастрычніку 2014 года.
«Наша Ніва» ўзгадала пяць цікавых гісторый з жыцця адной з самых уплывовых жанчын Беларусі.
З няпростай сям’і
Тата Наталлі Пяткевіч у 2010-м быў прызнаны «мінчуком года». Заслужаны доктар Уладзімір Акімавіч Краўчанка ўзначальвае 7-ю стаматалагічную паліклініку ўжо амаль 40 гадоў!
Сам ён нарадзіўся ў Навасібірскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пасля Другой сусветнай бацька Краўчанкі асеў у Беларусі. А сам Уладзімір пачаў медыцынскую кар’еру. Ён стаў самым маладым галоўным доктарам у Мінску. Маленькай Наталлі тады было тры гады. Яе мама, дарэчы, была настаўніцай.
Краўчанка чатыры скліканні быў дэпутатам Мінгарсавета, заадно ўзначальваў Беларускі рух медыцынскіх работнікаў, які актыўна асвойваў гранты ААН на дапамогу ўцекачам.
Два шлюбы і адно дзіця
Першым мужам Наталлі Краўчанкі стаў Уладзіслаў Пяткевіч. Гэта адзін з галоўных латарэйшчыкаў Беларусі. Пяткевіч узначальвае «Суперлато» (РУП «Нацыянальныя спартыўныя латарэі»). З Наталляй ён разведзены.
У шлюбе нарадзіўся сын Філіп. Хлопец адвучыўся ў Ліцэі БДУ – навучальнай ўстанове, якая збірае самых адораных дзяцей з усёй краіны. Сярод ліцэістаў дзясяткі пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў. Цяпер Філіп паступіў на юрыдычны факультэт БДУ.
Філіп Пяткевіч.
Раней старонка хлопца «Укантакце» мала адрознівалася ад старонак іншых падлеткаў яго ўзросту – мацерныя статусы, паўаголеныя здымкі з «факам» у камеру… А вось цяпер акаунт выглядае больш прэзентабельна.
Падлетак штогод адпачывае за мяжой. Напрыклад, быў у Егіпце, Ізраілі, ездзіў у экскурсійны тур Берлін-Амстэрдам-Парыж. А вось ягоная маці, нагадаем, у краіны Еўрасаюза патрапіць не можа праз санкцыі.
Філіп разам з бацькам.
Другім мужам Пяткевіч стаў тэлевядучы БТ Аляксандр Мартыненка. Калісьці ён вёў праграму «Ответный ход». У снежні 2011 года ён быў звольнены пасады намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, а праз некалькі гадоў усплыў у «Белаграпромбанку. Тут ён узначальвае ўпраўленне інфармацыі.
Аляксандр Мартыненка.
Чуткі «разводзілі» Мартыненку і Пяткевіч, аднак пацверджання іх расставання так і не было.
Сядзіба ў Драздах і Mercedes Gelandewagen
Пяткевіч трапіла ў першы «прызыў» лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якім у сярэдзіне 2000-х раздавалі зямельныя надзелы ў Драздах. Цікава, што з некалькіх дзясяткаў гаспадароў мінскае месца нараджэння мелі толькі яна і Рыгор Васілевіч.
Пяткевіч атрымала двухпавярховы цагляны дом на вуліцы Пакроўскай. Агульная плошча складае каля 350 м2. Яе надзел мяжуе з Алегам Праляскоўскім, былым міністрам інфармацыі, які нядаўна таксама трапіў у няласку. А праз дарогу жыве святар Фёдар Поўны.
Вялікаму дому пасуюць вялікія машыны. «Я люблю вялікія машыны, як, скажам, вялікія пісьмовыя сталы — гэта зручна. Падабаецца, калі на машыне можна спакойна ехаць, не думаючы пра гурбы і бардзюры, непраходныя дарогі. З пункту гледжання утылітарнага, мне камфортны менавіта джып. У маім жыцці няшмат матэрыяльных рэчаў, якія прыводзяць у эмацыйны ўздым, адна з іх — Mercedes Gelandewagen. Калі бачу гэтую машыну, мяне пранімаюць дрыжыкі. Гэта не мара, гэта — эмоцыя», — расказвала Пяткевіч у інтэрв’ю tut.by.
Кар’ера ў Адміністрацыі
Але гэта ўсё сямейныя і асабістыя справы. А Пяткевіч перадусім праславілася сваёй кар’ерай.
Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ ў 1994-м яна з налёту ўладкавалася ў Адміністрацыю маладога яшчэ прэзідэнта. Спачатку была спецыялістам, пасля дарасла да начальніка ўпраўлення дзяржаўнага і міжнароднага права. А ў 2001-м Пяткевіч стала прэс-сакратаркай Лукашэнкі.
Такая розная Пяткевіч.
Праз тры гады працы каля кіраўніка дзяржавы яе перавялі ў кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, спачатку намесніцай, а пасля першай намесніцай. З 2011 працавала памочніцай Аляксандра Лукашэнкі — пасада выключна блізкая.
З Пяткевіч звязаны шэраг скандалаў. Яна публічна сварылася з тагачасным кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім. Нарэшце, гэта ёй прыпісвалі ідэю разыгрывання антыпольскай карты перад выбарамі 2006 года.
Урэшце, ёй прыпісвалі жаночыя чары і любоў да інтрыгі, а таксама суперніцтва з Уладзімірам Макеем, тагачасным кіраўніком Адміністрацыі.
Размаўляла з Ваванам?
Самы апошні скандал, які, магчыма, і паваліў чыноўніцу — гісторыя пранкера Вавана. Гэта праз яе, магчыма, звязваўся з Лукашэнкам інтэрнэт-жартаўнік — пад выглядам сына Януковіча. Голас памочніцы, з якой размаўляў Ваван, быў надзвычай падобны да голаса Пяткевіч. Прычым калі з гісторыі ўжо смяялася ўся Беларусь, той самы голас зноў размаўляў з Ваванам, нават не здагадваючыся пра рэзананс у інтэрнэце.
Пяткевіч сыходзіць з найрадчэйшай для прэзідэнтуры фармулёўкай «па пагадненні бакоў». Гэта не пакідае ёй шанцаў на вяртанне ў Адміністрацыю. Але і пасадка з такой фармулёўкай не пагражае. Наталля Пяткевіч, такім чынам, можа знайсці сябе ў бізнэсе. Ёй застаецца дом у Драздах і шматлікія ўспаміны.
Наталля Пяткевіч без грыму.
{POLL#313}