9-гадовы раварыст загінуў пад коламі грузавіка на нерэгуляваным пераходзе ў Брэсце

07.10.2014 / 10:58

У Брэсце пад коламі грузавіка загінуў дзевяцігадовы хлопчык, паведаміла карэспандэнту БелТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук.

Трагедыя адбылася 6 кастрычніка ў 18.55 на выездзе з бульвара Шаўчэнкі на кальцо па вуліцы Набярэжнай.

Паводле папярэдняй версіі, 39-гадовы жыхар Брэста на грузавіку не саступіў дарогу веласіпедысту 2005 нараджэння, вучню 4-га класа, які перасякаў праезную частку на ровары на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У выніку ДТЗ хлопчык атрымаў цялесныя пашкоджанні і памёр па дарозе ў бальніцу ў машыне хуткай медыцынскай дапамогі.

Ці была магчымасць у кіроўцы гружанай пяском машыны пазбегнуць наезду на дзіця, будзе ўстаноўлена падчас следчых дзеянняў.

Па гэтым факце праводзіцца праверка. Узятая на даследаванне кроў у кіроўцы паказала, што на момант аварыі мужчына быў цвярозы.

Наталля Сахарчук нагадала, што ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху

пры пад'ездзе да нерэгуляванага пешаходнага перахода кіроўца павінен знізіць хуткасць аўтамабіля аж да яго поўнага спынення і пры наяўнасці пешахода даць яму перавагу ў руху.

Веласіпедыст ж у гэтым выпадку павінен злезці з ровара і каціць яго ў руках.