Як трапіў ва ўладу аўтар «самых сучасных трафікаў»: гісторыя жыцця віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна

архіўны матэрыял

20.04.2016 / 10:14

У структуры беларускага ўрада пяць віцэ-­прэм’ераў. Уладзімір Сямашка вядзе перамовы па нафце і газе. Герой Беларусі Пятро Пракаповіч размяркоўвае дзяржаўныя рэсурсы. Анатоль Тозік фантаніруе ідэямі. А Міхаіл Русы вінавата ўсміхаецца, калі яго ў чарговы раз крытыкуе Лукашэнка.

А ёсць яшчэ Анатоль Калінін. Ён курыруе будаўнікоў і камунальшчыкаў — сферы, да якіх у людзей найбольш прэтэнзій.

Але пры гэтым ён не засвяціўся ні ў адной скандальнай гісторыі, не даў бадай ніводнага інтэрв’ю па непрацоўных пытаннях. Хто ён і адкуль?

Не цыган, а сібірак

Калі набраць у інтэрнэце імя «Анатоль Калінін», то пошукавая сістэма Google адразу падказвае: «цыган». Такія чуткі пра чыноўніка ходзяць даўно: віцэ­-прэм’ер выглядае самым смуглым у беларускім урадзе.

«Ён такі, як цыганё», — смеючыся, пагаджаецца стрыечная сястра Надзея Скачкова. І расказвае, што Анатоль насамрэч падобны да бабулі­-сібірачкі. Дый ягоныя дзеці таксама смуглыя.

А што да чутак у інтэрнэце, то тлумачэнне простае: поўны цёзка віцэ-­прэм’ера, данскі пісьменнік Анатоль Калінін, напісаў у савецкія часы раман «Цыган».

Забруджаная зона

Малая радзіма Калініна — Краснаполле. Раён трапіў у лік тых, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Колькасць насельніцтва ў мястэчку скарацілася да 6 тысяч чалавек, а ўсе прамысловыя прадпрыемствы закрыліся. Мясцовыя жыхары жывуць у чаканні адкрыцця новага фізкультурна­-аздараўленчага комплексу. Капсулу з пасланнем нашчадкам на месцы ягонага будаўніцтва Анатоль Калінін заклаў год таму. Чырвонае двухпавярховае збудаванне ўжо цяпер выдзяляецца на фоне шэрага мястэчка.

Віцэ-­прэм’ер штогод прыязджае ў Краснаполле на Радаўніцу, каб наведаць магілы бацькоў.

Былы дом сям’і знаходзіцца якраз непадалёк ад гарадскіх могілак, аднак пра Калініных у хаце не нагадвае нічога. Новая гаспадыня, усміхаючыся, паказвае адзіны знойдзены артэфакт — надрапаны надпіс «Толя» на дошцы ў лазні.

Сам Калінін пры патрэбе спыняецца на начоўку ў стрыечнай сястры. «Ляжам валетам і размаўляем пра жыццё. Мы нават не лічым, што стрыечныя, — прызнаецца яна. — Як родныя».

Маці чыноўніка ўсё жыццё працавала сястрой­-гаспадыняй у раённай бальніцы, а вось бацька быў цесляром. Гэта ягоны род паходзіў з Сібіры. У сям’і падрастала двое сыноў, старэйшы Яўген і малодшы Анатоль.

Без прагі да вучобы

Непадалёку ад дома Калініных знаходзілася школа, тая самая, якая прынесла Краснаполлю трагічную вядомасць. У канцы 1990-­х навучальная ўстанова была цалкам перабудаваная. Ці то праз памылку праекціроўшчыкаў, ці то праз надзвычайныя метэаўмовы менавіта ў ёй 27 студзеня 2004 абваліўся дах, пахаваўшы пад сабой аднаго з вучняў і настаўніка фізкультуры.

У школе будучы віцэ-­прэм’ер вучыўся сярэдне, узгадвае ягоны аднакласнік і найлепшы сябар Анатоль Клюеў. Працягваць адукацыю ён не збіраўся і пайшоў працаваць кіроўцам на аўтабазу райспажыўсаюза. Вазіў начальніка. Той і пераканаў хлопца паступаць. У біяграфіі віцэ­-прэм’ера вучоба ў магілёўскім вучылішчы не ўзгадваецца. Затое якраз ёсць «дзірка» на некалькі гадоў між службай у войску (Калінін апынуўся ў Полацку) і пачаткам працы ў краснапольскай райаграпрамтэхніцы.

Жонка — з культурнай сферы

Тым часам Анатоль пабраўся шлюбам са сваёй аднагодкай Тамарай Савік. Дзяўчына вырасла ў Івацэвіцкім раёне, а ў Краснаполлі апынулася па размеркаванні. Тамара працавала ў клубе масавіком-­забаўнікам.

Яна скончыла Магілёўскае вучылішча культуры, а з цягам часу яшчэ і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Аднак у гэтай сферы вялікіх грошай не заробіш.

Калі муж узначальваў баранавіцкі водаканал, жонка была інжынерам па інавацыйнай працы. Цікава, што пасля прызначэння Анатоля ў Мінск Тамара не збіралася сыходзіць з працы і пераязджаць у сталіцу. «Мяне ж ніхто нікуды не прызначаў», — казала яна журналістам баранавіцкай газеты «Інтэкс-­Прэс».

Анатоль і Тамара Калініны.

Пераезд на захад

У Краснаполлі сям’я жыла да 1990 года, а пасля пераехала ў Баранавічы, дзе Анатоль узначаліў адзін з ЖЭСаў. Што прымусіла рэзка змяніць абстаноўку?

Сястра чыноўніка ўзгадвае, што ў Баранавічы перабраўся сябар Калініна, які і клікаў яго да сябе. У аднакласніка Анатоля Клюева іншая версія. Ён выказвае здагадку, што сям’я проста пераехала бліжэй да родных мясцінаў Тамары.

Зрэшты, пасля Чарнобыля з забруджанага Краснаполля ўцякалі многія, хто клапаціўся пра сябе і здароўе дзяцей.

34-­гадовы студэнт

Паводле афіцыйнай біяграфіі, віцэ­-прэм’ер мае дзве вышэйшыя адукацыі. У 1993­-м Калінін атрымаў дыплом у сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. На той момант яму было ўжо 34 гады — рэкорд сярод цяперашніх беларускіх чыноўнікаў вышэйшага рангу. Калінін тады ўзначальваў адзін з ЖЭСаў у Баранавічах. Прычым спецыфіка яго працы ніяк не спалучалася з атрыманай спецыяльнасцю. У Горках ён атрымаў веды па… механізацыі сельскай гаспадаркі.

Другі дыплом Калінін атрымаў у Акадэміі кіравання. За год да пераезду ў Мінск 49-­гадовы баранавіцкі камунальшчык вывучыўся па спецыяльнасці «дзяржаўнае і мясцовае кіраванне». Такую самую перападрыхтоўку прайшлі дзясяткі іншых чыноўнікаў.

Паспяховы менеджар

Баранавіцкім водаканалам Калінін кіраваў эфектыўна. Яго заўважылі, і праз паўтара дзесяцігоддзя прызначылі памочнікам Аляксандра Лукашэнкі — інспектарам па Мінску. Калісьці такі ж узлёт з Баранавічаў у сталіцу здзейсніў іншы чыноўнік — старшыня баранавіцкага гарвыканкама Міхаіл Паўлаў. Але кар’ерны рост Калініна быў больш нечаканым і для паспалітага люду невытлумачальным.

У Баранавічах Калінін пакінуў пасля сябе арыгінальную кампазіцыю.

«Лукашэнка першы раз прыехаў, відаць, прапанаваў яму, другі раз прыехаў, а на трэці і не пытаўся — перавёў», — такую версію прапануе сястра Калініна Надзея Скачкова. «Не адразу пагадзіўся?» — «Ну, маўчаў — і ўсё».

Іншая папулярная версія — хакейная. Калінін заснаваў у Баранавічах аматарскую каманду.

Гуляў у ёй і сам, праўда, не надта ўдала. Тым не менш, пад ягоным кіраўніцтвам «Баранавічы» ўваходзілі ў тройку прызёраў на міжнародным турніры. Ведаючы любоў да гэтага віду спорту Аляксандра Лукашэнкі, многія звязваюць хакейныя і наменклатурныя перамогі Калініна.

На чале хакейнай каманды.

«Калі людзі мяркуюць, што нейкія сувязі дапамаглі, то яны моцна памыляюцца. Яго проста рэкамендавалі як добрага работніка», — пераконвае аднакласнік віцэ­-прэм’ера Анатоль Клюеў.

Калініна некалькі разоў прызнавалі ў Баранавічах Чалавекам года.

Сталічны чыноўнік

Не маючы свайго жылля, у Мінску чыноўнік спачатку пасяліўся на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі «Дразды». У прыватнасці, туды да яго прыязджаў ягоны брат Яўген Калінін, які працуе на Запарожскай АЭС ва Украіне.

А менш чым праз год Калініну ў Мінску выдзелілі зямлю пад будаўніцтва. Тут жа, у Драздах. Ён трапіў у кампанію былога памочніка Лукашэнкі, а цяпер намесніка міністра замежных спраў Валянціна Рыбакова і старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Шыкоўнае месца: прэстыжны раён, найлепшая інфраструктура і водаахоўная зона Свіслачы.

Рынкавы кошт катэджа з відам на вадасховішча Дразды — каля $1 мільёна.

Сястра чыноўніка расказвае, што Калінін з жонкай пасяліліся ў катэджы, а камусьці з дзяцей пакінулі сталічную кватэру. Старэйшая, Алёна, па словах сваячкі, стала дзіцячым доктарам, а малодшы сын, Віталь, займаецца бізнэсам. Анатоль Калінін тройчы дзядуля. Сёлета яго старэйшая ўнучка пайшла ў першы клас.

Land Cruiser каля Нацыянальнага прэс-цэнтра падчас прэс-канферэнцыі Калініна. Фота Еўрарадыё.

«Нармальны хлопец. Неяк жа прабіўся! Пашанцавала. Бог добрым людзям дае», — апісвае Надзея Скачкова кар’еру свайго стрыечнага брата некалькімі фразамі.

* * *

Даведка

Анатоль Калінін нарадзіўся 21 чэрвеня 1959 у Краснаполлі Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1993) і Акадэмію кіравання (2008).

Быў шафёрам у аўтабазе райспажыўсаюза Краснаполля (1976–1977), служыў у войску (1977–1979). У 1983–1988 працаваў інжынерам-тэхнолагам, галоўным інжынерам райаграпрамтэхнікі Краснаполля, у 1988–1990 — намеснік дырэктара, а пасля дырэктар Краснапольскага раённага аб’яднання ЖКГ.

У 1990–1995 — начальнік ЖЭСа ў Баранавічах, у 1995–2009 — дырэктара баранавіцкага «Водаканала».

У 2009–2010 — памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Мінску, з 2010 — віцэ-прэм’ер.

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч