Мікіта Міхалкоў заклікаў не шкадаваць ворагаў і «паклёпнікаў»

08.10.2014 / 22:26

У сваім інтэрв'ю анлайн-выданню «Взгляд» расійскі рэжысёр Мікіта Міхалкоў заклікаў бязлітасна ставіцца да «ворагаў» і «паклёпнікаў».

«Трэба адрозніваць спачуванне ад жалю. Спачуванне — гэта паставіць сябе на месца таго, хто пакутуе, а жаль — гэта разглядаць яго з сумнай усмешкай зверху ўніз. Сёння не павінна быць жалю да ворага, да паклёпнікаў», — заявіў Міхалкоў у інтэрв'ю, якое даў напярэдадні маскоўскай прэм'еры яго новага фільма «Сонечны ўдар».

Больш за тое, рэжысёр заклікаў ставіцца «бязлітасна» у тым ліку і да непаўналетніх «ворагаў»:

«Немагчыма паблажліва ўсміхацца, слухаючы відавочную хлусню, і паціскаць плячыма, маўляў, ну што з іх узяць?! Гэта знакамітае ва Украіне «онижедети» пра падскокваючых на адным месцы замбіраваных недарасляў — мы бачым, да чаго прывяло».