Дзіянава разыгралі: прапанавалі працу на Расію, а ён і пагадзіўся + поўны скрыншот перапіскі
15.10.2014 / 21:20
Стваральнікі сайта 1863x.com разыгралі беларускага дзеяча Вячаслава Дзіянава, вядомага сваімі прарасійскімі поглядамі. Дзіянаву напісалі ад імя маскоўскай кампаніі Ціны Кандэлакі «Апостал Медыя Груп», якая займаецца палітычным піярам, і прапанавалі працу на карысць Пуціна.
Сапраўднасць перапіскі Дзіянаў пацвердзіў.
Вячаслаў Дзіянаў заявіў, што пацвярджае кожнае слова са свайго ліставаньня з прадстаўніком «Апостал Медыя» адносна свайго ўдзелу ў праекце «Бусел». Ён сказаў, што адказаў бы дакладна гэтак жа на ўсе пытанні на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Я гэта пішу і адкрыта выступаю з гэтай пазіцыяй і тут здзіўляцца няма чаго. Нейкія канкрэтныя імёны, прозвішчы, кантакты я не назваў, таму смешна казаць, што тут нейкая сенсацыя. Па сутнасьці, усё, што я агучваю ў фэйсбуку, у сетках і блогах, я паўтарыў. Хоць дзесяць разоў мне так напішуць, я дзесяць разоў так адкажу. Я ў прынцыпе пацвердзіў усе словы, якая казаў дагэтуль. Магчыма, некаторыя рэчы агучыў больш канкрэтна і практычна, але гэта адпавядае асабістаму ліставанню. Я супрацоўнічаю з пэўнымі расійскімі сіламі, падтрымліваю Пуціна — гэта так».
«Але вы, напрыклад, выразна спасылаецеся на Кацю Кібальчыч…»
Дзіянаў: «Ну, мяне пыталіся, хто да такой нейтральнай пазіцыі адносіцца. Я ж бачу па сетцы. Я напісаў, што я яе асабіста не ведаю, але такая інфармацыя распаўсюджваецца. Я яе асабіста не ведаю, я яе не рэкамэндаваў. То бок яна не атрымала ад мяне ніякага спісу рэкамендацый».
У прыватнасці, Дзіянаву прапанавалі ўзначаліць інфармацыйны праект «Бусел», які мае стаць альтэрнатывай «Тутбаю» і «Хартыі» і «супрацьдзейнічаць беларускім нацыяналістам» напярэдадні выбараў 2015 года.
Дзіянаў «загарэўся» ідэяй і пачаў прызнавацца, як любіць Пуціна, маўляў, Лукашэнка мала робіць для расійска-беларускай інтэграцыі.
Калі ў Дзіянава запыталі, каго ён можа прапанаваць для супрацы, ён параіў Кацю Кібальчыч і партыю Калякіна «Справядлівы свет», таксама паведаміў, што мае кантакты з кіраўніцтвам усіх беларускіх партыяў і арганізацый.