Памёр палітык Міхаіл Марыніч
17.10.2014 / 15:35
Радыё Свабода
Былы палітвязень і міністр знешнеэканамічных сувязяў памёр ва ўзросце 74 гадоў.
Пра гэта сайту charter97.org паведамілі блізкія нябожчыка.
Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 г. у в. Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна. Скончыў БПІ, Інстытут замежных школаў, ВПШ, кандыдат эканамічных навук (1996), тэма дысертацыі «Рэгуляванне знешнеэканамічных сувязяў РБ».
Працаваў галоўным інжынерам, начальнікам Белбудмантажа, намеснікам, старшынёй Маскоўскага раёна Мінска, намеснікам старшыні Мінгарвыканама, які курыраваў будаўніцтва мінскага метро, аб'ектаў цеплазабеспячэння і энергетыкі; старшынёй Мінскага гарвыканкама, першым намеснікам старшыні Дзяржкамітэта па знешніх эканамічных сувязях; паслом у Чэхіі, Славакіі і Венгрыі, затым — міністрам знешніх эканамічных сувязяў (1994—1998), паслом у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі (студзень 1999—ліпень 2001), напісаў заяву аб адстаўцы, каб балатавацца ў прэзідэнты, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета (1990—1994).
Быў прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах 2001 года — зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднак не змог сабраць 100 тыс. подпісаў.
Арганізацыя «Дзелавая ініцыятыва» аб'ядноўвала прадстаўнікоў дзелавых колаў і бізнесу, грамадскіх і палітычных дзеячаў, людзей навукі і культуры.
У 2004 годзе быў арыштаваны КДБ і прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі ў пасольстве ЗША.
Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму адмаўляліся перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Мінску.
У падтрымку палітвязня тады выступілі кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці прэзідэнт Францыі Жак Шырак і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга, дэпутаты парламентаў многіх краін свету, Еўрапарламента, парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Патрабаванне вызваліць Міхаіла Марыніча ўтрымлівалася ў рэзалюцыі Еўрапейскага парламента. Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі саюз і Дзярждэпартамэнт ЗША.
З турмы палітык выйшаў па амністыі ў красавіку 2006 года. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення.
***
Міхаіл Марыніч: «Я зразумеў — Беларусь вядуць у тупік»
Інтэрв'ю газеце «Новы час» у жніўні 2014 г.
— Калі не супраць, пачнём з таго часу, калі вас першы раз прызначылі амбасадарам…
— Калі ласка. У студзені 1991 года з мэра Мінска я перайшоў на работу ў Дзяржаўны камітэт па знешніх эканамічных сувязях Беларусі, які тады месціўся насупраць Нацыянальнага банка краіны. Стаў першым намеснікам старшыні камітэта Радкевіча. Уладзімір Валер’янавіч быў верным паплечнікам тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, а я знаходзіўся сярод патэнцыйных апанентаў кіраўніка ўраду.
Думаю, што з кіраўніка сталіцы мяне па гэтай прычыне і прыбралі ў камітэт. Каб быў, так бы мовіць, пад наглядам. Не здзіўлюся, калі па гэтай жа прычыне ў траўні 1994 года (за месяц да прэзідэнцкіх выбараў) мяне прызначылі амбасадарам у Чэхію і, па сумяшчальніцтву, у Славакію з Венгрыяй.
Дарэчы, да Венгрыі я даехаць не паспеў — атрымаў новае прызначэнне.
— У той час казалі, што такім чынам Лукашэнка аддзячыў за адмову ўзначаліць антыкарупцыйную камісію, а яшчэ казалі, што міністэрства знешніх эканамічных сувязей стваралася ледзь не пад Марыніча?
— Апошняя тэза крыху спрэчная, бо Кебіч прызначыў Радкевіча міністрам яшчэ 16 чэрвеня 1994 года, то бок за тыдзень да першага тура прэзідэнцкіх выбараў.
Што тычыцца антыкарупцыйнай камісіі, то адмова мая была зусім не з жадання паспрыяць кар’ернаму росту былога дырэктара саўгаса. Сама пасада па азначэнню была не па мне. Я прывык займацца канкрэтнай справай, а не збіраць сумнеўнага зместу кампрамат на іншых.
Першы раз пра тое, што прэзідэнт «будзе тэлефанаваць», я даведаўся ад яго тагачаснага памочніка Віктара Кучынскага, які прыехаў на святкаванне 50-годдзя славацкага антыфашысцкага паўстання. Дарэчы, узначальваў тады беларускую дэлегацыю мой будучы непасрэдны начальнік Міхаіл Чыгір.
Неўзабаве Лукашэнка сапраўды патэлефанаваў і загадаў тэрмінова прыехаць у Мінск. Падчас сустрэчы ён прапанаваў узначаліць новае міністэрства. Дадаўшы пры гэтым, што дзверы яго кабінета я магу ў будучым «адчыняць нагой».
Раней мне даводзілася кантактаваць са многімі кіраўнікамі Беларусі. У тым ліку і з Пятром Машэравым. Ніхто з іх падобнай фамільярнасці сабе не дазваляў.
Кожнаму тады здавалася, што для працы наступілі надзвычай цудоўныя часы. Маладая незалежная краіна з чыстага аркуша ўсталёўвала адносіны з еўрапейскімі краінамі, пачынала цікавыя і перспектыўныя бізнэс-праекты. Гэта быў перыяд плённых кантактаў з замежнымі інвестарамі. Частка з іх развілася. Напрыклад, сумесны праект з Германіяй па крэдытнай лініі «Гермес» (рэканструкцыі нафтаперапрацоўчых заводаў), што дазволіў вырабляць бензін больш высокага гатунку, альбо адкрыццё завода «Кока-Колы», скуранога завода ў Гатава з італьянскімі інвестыцыямі і інш.
Але, на жаль, яшчэ больш праектаў было пахавана. Буйныя французскія кампаніі жадалі інвеставаць у льняную галіну і нафтаперапрацоўку. Памятаю, візіт у Францыю быў адным з самых паспяховых. Беларускім пытаннем зацікавіўся нават асабіста французскі прэзідэнт Жак Шырак.
Таксама не была рэалізавана ідэя карэйскіх бізнэсмэнаў па будаўніцтву завода аўтамабіляў «ДЭУ» (праект асабіста заваліў тагачасны міністр прамысловасці Харлап) і чэшскіх уласнікаў па будаўніцтву аўтазавода «Шкода». Акрамя гэтага, была прыпынена дзейнасць філіі аўтамабільнага завода «Форд». Падобных фактаў можна ўзгадаць яшчэ шмат.
Аднак адзін з іх патрабуе асаблівай увагі. Гутарка пра шлях Беларусі да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. У тыя гады мы былі надзвычай блізкія да гэтага. Некалькі паспяховых сустрэч у Жэневе і канферэнцыя ў Сінгапуры — вельмі яскравае таму пацверджанне. Журналісты нават пачалі пісаць пра блізкую перамогу. Рэферэндум 1996 года перакрэсліў усё, чаго ўдалося дасягнуць.
Я спрабаваў упэўніваць урад і Лукашэнку, што такія праекты патрэбныя Беларусі, але беспаспяхова. Ён гэтага не хацеў. Ужо тады зараджалася дыктатура, і ўпэўніваць у перавагах прыватнай уласнасці і прыходу замежнага капіталу Лукашэнку было ўсё цяжэй.
Калі да рэферэндуму 1996 года мы больш кантактавалі з еўрапейцамі, то потым — з арабамі. Дэмакратычны свет у сэнсе інвестыцый для беларусаў фактычна закрыўся.
— Наколькі я памятаю, адстаўку Чыгіра ў знак пратэсту тады падтрымаў толькі адзін міністр працы Аляксандр Сасноў…
— Так. Але гэта зусім не азначае, што поглядаў Чыгіра і Саснова не прытрымліваліся іншыя. Наадварот, многія добра разумелі, чым усё скончыцца.
Усе прагнулі перамен, але з большасці арыентаваліся на выбары. У тым ліку і альтэрнатыўныя, якія потым правёў Віктар Ганчар.
Думаю, у лагеры Лукашэнкі добра ведалі пра такія настроі, таму палітычную фронду паступова пачалі адцясняць. Напрыклад, хадзілі настойлівыя чуткі пра тое, што бліжэйшым часам мяне здымаюць з пасады. Гэтага не адбылося, але ў канцы 1998 года міністэрства знешнеэканамічных сувязяў, сапраўды, было расфарміравана і перададзена ў склад Міністэрства замежных спраў.
Безумоўна, гэта стала вынікам інтрыг Латыпава, які ў той час з памочнікаў прэзідэнта пераходзіў у міністры замежных справаў і ўмацоўваў пад сябе гэтую структуру, але яго памкненні вельмі хацелі падтрымаць у прэзідэнцкай адміністрацыі
— Калі ў 2001 годзе вы вырашылі ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, некаторыя ўбачылі ў гэтым «уплыў Мясніковіча». Потым гэта тэза неаднаразова абвяргалася. Можа, прыйшоў час усё растлумачыць?
— Так, прыйшоў, і я адкажу на ўсе пытанні ў кнізе. Зараз адзначу толькі, што ў тых плётак былі значныя падставы. У прыватнасці, адпачынак Мясніковіча, які тады кіраваў прэзідэнцкай адміністрацыяй, на рыжскім узмор’і. І гэта напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Ну, а я, як беларускі пасол, павінен быў з ім кантактаваць…
Дарэчы, пазней менавіта Міхаіл Уладзіміравіч патэлефанаваў мне ў Латвію, і яго галоўны мэсэдж можна сфармуліраваць так — навошта табе гэта трэба?
І навошта?
— Чытайце кнігу. Зараз адзначу толькі тое, што калі я праехаў па Латвіі і Эстоніі, пагаварыў з людзьмі, зразумеў — Беларусь не развіваецца, яе вядуць у тупік. У нашай краіне тады зноў пачала адраджацца бюракратыя, і заточана яна была толькі на рабскае ідалапаклонства, а не на дэмакратычныя каштоўнасці.
Краіна пагружалася ў дыктатуру, якая моцна ўплывала на развіццё эканомікі і эканамічны курс. У беларускім МЗС сталі традыцыйнымі накачкі замежных амбасадараў. Мы павінны былі не толькі шукаць грошы, але і хлусіць замежным калегам пра знікненні, пра таямнічыя смерці патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі, у прыватнасці, смерць Генадзя Карпенкі.
Бывала, прачынаешся ноччу, шмат думаеш пра тое, што адбываецца вакол, і прыходзіш да высновы — неабходна ўсё гэта тэрмінова спыніць. Гэта і было галоўным матывам майго кроку.
— Як да рашэння стаць прэзідэнтам паставіліся ваша першая жонка, сваякі, сябры?
— Адмоўна, бо разумелі, што гэта вельмі небяспечна. Дарэчы, да моманту вылучэння ніхто з іх не ведаў пра маё рашэнне. У тым ліку і жонка, з якой я тады быў у працэсе скасавання шлюбу.
— Вас так і не дапусцілі да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. Хто вінаваты?
— У першую чаргу тыя, хто кіраваў выбарчым штабам. Мяне банальна кінулі Сечка, Пашкевіч і Алампіеў. Яны добра ведалі, што да некаторых подпісаў будуць прэтэнзіі, але наўмысна падставіліся. А потым вельмі хутка вярнуліся на месцы сваёй былой працы.
— Можа, ім нехта «дапамог»?..
— Хутчэй за ўсё, так і ёсць. Ва ўсялякім выпадку будучы старшыня КДБ Сухарэнка публічна хваліўся, што яны ніколі не дапусцяць мяне да выбараў.
Крыўдна ў першую чаргу тое, што кінулі не толькі мяне, але і тысячы людзей, якія шчыра верылі і шчыра дапамагалі.
— Вас называлі прарасійскім палітыкам. Гэта так?
— Я заўсёды быў і застаюся палітыкам прабеларускім. А з усходнім суседам нам проста наканавана будаваць нармальныя адносіны. Як і з усімі астатнімі.
Так, у мяне былі і застаюцца добрыя сувязі са многімі расійскімі палітыкамі і бізнэсоўцамі, але трэба разумець, што палітыку краіны вырашаюць не яны, а Пуцін. А гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы.
На мой погляд, замуціў украінскую авантуру Пуцін вельмі дарэмна: выкарыстаў Майдан для таго, каб аджаць Крым і пачаць расколваць Украіну. Цалкам вар’яцкі крок.
— Так гэта ж наш галоўны хаўруснік?
— На жаль… На мой погляд, Беларусі не трэба было так глыбока ўлазіць у балота інтэграцыі. І падмяняць славянскае сяброўства поўнай эканамічнай залежнасцю. Калонія не можа быць роўня метраполіі.
Да таго ж, Пуцін — не ўся Расія. Нельга ставіцца да ўсяго рускага як да нечага «каларадскага». Спявак Андрэй Макарэвіч, які стаў сімвалам падтрымкі Украіны, таксама размаўляе на рускай мове і жыве ў Маскве.
Што датычыцца Парашэнкі, то тут у мяне таксама шмат пытанняў. Не гатовы ён да такой пасады. Вельмі цяжкі прыйдзецца несці крыж…
— А што галоўнае зараз для беларускіх апазіцыянераў?
— Адзінства. Зразумела, што спецслужбы заўсёды будуць даволі настойліва працаваць супраць апанентаў улады. Але і апазіцыянеры не павінны так відавочна ім дапамагаць.
— Наступствы вашага кроку былі даволі сумныя: амаль два гады турмы, страчанае здароўе…
— Але былі не толькі паразы. Той жа Камітэт пра правах чалавека ААН прызнаў мяне ахвярай палітычнай расправы. Няхай постфактум, але маральная перамога ўсё ж адбылася.
— У вас было ўсё — замежныя камандзіроўкі, дэпутацтва, высокія пасады (мэр Мінска, амбасадар, міністр), а потым — апала, турма, два інсульты. Не шкадуеце?
— Не. Перад сумленнем і Богам мне абсалютна не сорамна.