Расспажыўнагляд вінаваціць сэлфі ў распаўсюдзе вошай

27.10.2014 / 15:28

Групавыя сэлфі прыводзяць да распаўсюду вошай сярод моладзі, гаворыцца ў памятцы па мерах прафілактыкі педыкулёзу, размешчанай на сайце ўпраўлення Расспажыўнагляда па Курскай вобласці Расіі.

«Прычынай распаўсюду педыкулёзу сярод падлеткаў, на думку экспертаў, стала захапленне сэлфі-фатаграфіяй, пры якой сумесныя здымкі групы падлеткаў або параў спрыяюць перадачы паразітаў пры судакрананні галовамі, бо гэта асноўны шлях перадачы вошай», — гаворыцца ў паведамленні.

Дакумент быў апублікаваны яшчэ 23 кастрычніка, але СМІ звярнулі на яго ўвагу толькі ў панядзелак.