У мінскім метро міліцыя затрымала на месцы злачынства двух кішэннікаў

31.10.2014 / 16:59

Падчас аператыўных мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне кішэннікаў, якія працуюць у сталічнай падземцы, праваахоўнікі затрымалі двух маладых людзей.

Пра гэта паведаміла прэс-афіцэр УУС па ахове Мінскага метрапалітэна Кацярына Вяршыцкая.

«Увагу аператыўнікаў прыцягнулі ўжо знаёмыя па спецуліках двое мужчын, якія пераязджалі ад станцыі да станцыі ў розных напрамках. Праваахоўнікі вырашылі за імі паназіраць. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць — 35-гадовы зламыснік падчас руху цягніка ад станцыі метро «Плошча Перамогі» да станцыі «Кастрычніцкая» здзейсніў крадзеж кашалька ў пасажыркі. Выходзілі з метро кішэннікі на станцыі «Грушаўка», пры гэтым кашалёк ўжо апынуўся ў малодшага з партнёраў. Той неадкладна быў затрыманы. Яго 35-гадовы калега спрабаваў схавацца, але беспаспяхова», — сказала Кацярына Вяршыцкая.

Непрацуючыя мужчыны раней былі неаднаразова судзімыя за кішэнныя крадзяжы. У цяперашні час дзеянням зламыснікаў даецца прававая ацэнка.