Брытанія заплаціць па пазыках з часоў Напалеонаўскіх войнаў
02.11.2014 / 12:35
Міністэрства фінансаў Вялікабрытаніі плануе ў лютым выдаткаваць 218 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля $350 мільёнаў) на выкуп каштоўных папераў, якімі былі рэфінансаваныя пазыкі, атрыманыя брытанцамі яшчэ ў часы Першай сусветнай, Крымскай і Напалеонаўскіх войнаў.
Аб гэтым паведаміў сайт Мінфіну Брытаніі.
Падчас Першай сусветнай брытанскі ўрад для фінансавання ваенных дзеянняў выпускаў значныя аб'ёмы пазыкавых аблігацый і агітаваў насельніцтва купляць іх.
«Кожны фунт, інвеставаны ў Нацыянальныя ваенныя аблігацыі, азначае — больш караблёў, больш ежы, раней прыйдзе перамога», «Не можаш ваяваць, інвестуй столькі, колькі можаш ў 5-адсоткавыя аблігацыі» — гучалі рэкламныя слоганы.
У 1927 годзе міністр фінансаў Уінстан Чэрчыль выпусціў новыя каштоўныя паперы, якімі былі замененыя шматгадовыя абавязкі ўраду па пазыках — як часоў Першай сусветнай, гэтак і Крымскай вайны, а таксама тыя, што былі ўзятыя падчас войнаў з Напалеонаўскай Францыяй і нават у XVIII ст.
Гэтыя паперы не мелі афіцыйнай даты выкупу, і ўрад можа самастойна прызначаць, калі пачынаць іх пагашэнне. Увесь гэты час пакупнікі аблігацый — у асноўным, прыватныя асобы — атрымлівалі адсоткі па сваіх паперах.