Праехаліся ў аэрапорт на новым цягніку ФОТАРЭПАРТАЖ

08.11.2014 / 00:01

Яшчэ ўвесну 2013 года Лукашэнка загадаў пусціць у нацыянальны аэрапорт «Мінск» цягнік. Да чэмпіянату свету па хакеі злучэнне наладзіць не паспелі, але за 2014-ы даручэнне ўсё ж выканалі. 

З 7 лістапада пяць разоў на дзень да аэрапорта ходзіць цягнік, што адпраўляецца з чыгуначнай станцыі «Мінск-Пасажырскі». 

Ім і праехаў наш карэспандэнт. На фота — усё, што вас магло б цікавіць.

Першы рэйс цягніка ў аэрапорт адбыўся 7 лістапада а 16:30. 

Перад рэйсам на вакзале не ладзілі ніякіх урачыстых мерапрыемстваў — да усходняга боку платформы проста падагналі дызель-цягнік. 

Цягнік будзе хадзіць у аэрапорт і назад пяць разоў на дзень. Адпраўленне з Мінска: 05:35; 08:45; 12:20; 16:30; 20:25. З нацыянальнага аэрапорта «Мінск» да станцыі Мінск-Пасажырскі цягнік адыходзіць а 07:30; 11:05; 14:35; 18:30; 22:25. 

Квіткі на цягнік можна купіць у касах, плацежных тэрміналах ці ў праваднікоў. Падарожжа ў адзін бок каштуе 25 тысячаў рублёў. Але, калі купляць квіток у правадніка, давядзецца заплаціць на 2 тысячы больш. 

Для паездак у аэрапорт Беларуская чыгунка выдзеліла трохвагонныя польскія саставы. 

Пазнаць новы цягнік у аэрапорт можна па шэра-зялёнай афарбоўцы. 

Першым рэйсам з Мінска выехала зусім невялікая колькасць людзей. 

Элементы зялёнага колеру ў салоне робяць цягнік вельмі ўтульным. 

У салоне ёсць разеткі, таму можна будзе зарадзіць свае гаджэты перад палётам. 

У салоне БЧ прапануе свае часопісы. 

Цягнік ідзе праз Смалявічы — гэта адзіны прыпынак. Цягнік чамусьці не спыняецца на станцыі Мінск-Усходні, хоць яна і знаходзіцца ля станцыі метро. Здаецца, тады б да цягніка ў аэрапорт было зручна дабірацца людзям, якія карыстаюцца Аўтазаводскай лініяй метро. 

На жаль, у праваднікоў нельга набыць квіток з дапамогай банкаўскай карткі. 

У Смалявічах у цягнік селі супрацоўнікі чыгункі, якія весела святкавалі адкрыццё новай лініі. 

Паездка да аэрапорта цягнецца 56 хвілін. Аднак чыгуначная станцыя знаходзіцца ззаду тэрмінала, таму, каб дабрацца да ўваходу ў аэрапорт, трэба перасесці ў аўтобус. 

Упрыгожаная да ўрачыстага адкрыцця станцыя Нацыянальны аэрапорт «Мінск».

Паездка на аўтобусе займае яшчэ каля 10 хвілін.

Аўтобус пад'язджае да аэрапорта. 

Пасажыраў высаджваюць у зоне адлётаў на другім паверсе тэрмінала. 

У адваротны бок аўтобус адпраўляецца з прыпынку ля тэрмінала. 

Кірыла Хілько