Coca-cola пераходзіць на вытворчасць малака

25.11.2014 / 11:01

Міжнародная кампанія Coca-Cola створыць свой уласны брэнд дарагога малака пад назвай Fairlife.

Fairlife будзе каштаваць у два разы даражэй, чым звычайнае малако. У кампаніі адзначаюць, што іх прадукт змяшчае на 50% больш пратэіну і на 30% менш цукру, чым звычайнае малако на паліцах крамы. Акрамя таго, новае малако не будзе ўтрымліваць лактозы.

«Мы збіраемся інвеставаць у малочны бізнес, каб пабудаваць брэнд. Вядома, нам не будуць адразу сыпацца грошы з нябёсаў на працягу некалькіх бліжэйшых гадоў. Але калі вы робіце сваю працу добра, то грошы будуць у вас пазней», — распавёў старэйшы віцэ-прэзідэнт кампаніі Сэндзі Дуглас.

Telegraph піша, што Coca-Cola выходзіць на рынак малака ў вельмі складаны для гэтага бізнэсу час. Продажы традыцыйнага малака скарачаюцца з-за росту продажаў араматызаванага тавару з высокім утрыманнем пратэіну.