Топ-21 беларускіх песень ХХІ стагоддзя

Якія песні яшчэ Вы дадалі б да гэтага спісу? Пішыце ў каментах

29.11.2014 / 02:09

Складаць любыя спісы, якія грунтуюцца не на аб’ектыўных паказчыках, справа няўдзячная. З музыкай — сітуацыя тым больш ускладняецца. Але гэтая 21 песня — мае суб'ектыўныя назіранні і адчуванні ўплыву беларускай музыкі на асяродкі маіх знаёмых, на плэйлісты клубаў і кавярняў, на актыўнасць і лайкі ў сацсетках, на падзеі апошніх 14-ці год.

N.R.M. — «Тры чарапахі» (2000)

Хоць 2000 год — гэта, фармальна, ХХ стагоддзе, па вялікім рахунку менавіта з гэтага альбома N.R.M. і супольнага праекта «Я нарадзіўся тут» і пачалося ХХІ стагоддзе беларускай музыкі.

Калі не лічыць «Купалінкі», то гэта, бадай, самая вядомая ў краіне песня па-беларуску. Тады Вольскі яшчэ не быў у чорных спісах, N.R.M. быў у ратацыі радыё і ТБ і песня хутка сталася народнай. Каб яно так было і далей, Вольскі быў бы нашым «селебрыці» нумар адзін — колькасць праектаў, у якіх творца браў і бярэ ўдзел, і іх разнастайнасць каласальная. Але гэта не пра Беларусь, дзе палітычная цэнзура вырашае часам больш, чым талент.

 

Зміцер Вайцюшкевіч — «Я нарадзіўся тут» (2000)

Гэтая песня з аднайменнага супольнага праекта беларускіх музыкаў можа лічыцца гімнам цэлага пакалення беларусаў, якія вырашылі «жыць тут, у краіне пад шэрым небам». Усе радкі песні разбіраліся на цытаты, рэгі-матывы дапамагалі больш спакойна і ўзважана іх успрымаць.

Увесь праект «Я нарадзіўся тут» варта слухаць. Калі абіраць 21 беларускую песню ХХІ стагоддзя, многія менавіта адтуль возьмуць значную іх частку.

«Нестандартный вариант» — «Не последнее слово» (2001)

Песня з альбома «Не как все», найбольш паспяховага ў гісторыі гурту. Напісана ў 2001, альбом выйшаў у 2003. Кліп адзняты на кампазіцыю ў 2004. Здаецца, «Не последнее слово» тады гучала літаральна паўсюль. Плюс НВ аб’ездзіў усю краіну з гастролямі. З таго альбома слухачы могуць памятаць яшчэ некалькі песняў: «Холод», «Бомж». У мяне такое ўражанне, што больш нічога агульнавядомаму калектыву стварыць не ўдалося і наступныя гады на іх канцэрты ходзілі менавіта з-за тых трох-чатырох старых песняў. Ад 2011 гурт больш не існуе.

«Крама» — «Хавайся ў бульбу» (2001)

Ведаеце, зараз у сацсетках гуляе анекдот:

— Дайте одно пиво.
— Вам 18 есть?
— Да, но паспорт дома забыл.
— Тополиный пух…
— …жара, июль.
— С вас 10500.

Дык вось, калі ў беларусаў запытаць «Хавайся ў…», то адказ будзе стапрацэнтна — «у бульбу». Прадавачкі могуць смела выкарыстоўваць такі верыфікацыйны метад.

Песня-дэвіз беларусаў з аднайменнага альбома легендарнай «Крамы» пабачыла свет у 2001.

«Краскі» — «Старший брат» (2002)

Дэбютны альбом «Но ты уже взрослый» імгненна скарыў беларускіх падлеткаў. Простыя матывы, песні пра любоў, прыгожая салістка — сакрэт поспеху на ўсё часы. Пра старэйшага брата, які больш не любіць гурт «Краскі», у 2002 спявалі на ўсіх школьных дыскатэках і на танцах у летніках.

 

«Крамбамбуля» — «Турысты», «Госці» (2004)

Таксама адна з самых пазнавальных беларускіх песняў у выкананні Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка. Хоць выбар досыць цяжкі — магчыма, сюды трэба ўключыць «Гасцей» у іх жа выкананні.

 

Серёга — «Чёрный Бумер» (2005)

Фактычна, адна гэтая песня дазволіла Сярогу зарабіць першы мільён даляраў (ён пра гэта таксама праспявае). Чорны бумер — сапраўдны фетыш сярэдзіны «нулявых», прыкмета крутасці і заможнасці адначасова. Два гады таму Расію скарыў фільм «Бумер», а ў 2005 — беларус Сярога, які праспяваў пра гэты аўтамабіль.

 

Ксенія Сітнік — «Мы вместе» (2005)

У Беларусі своеасаблівае стаўленне да «Еўрабачання». Нават да дзіцячага. Менавіта там і адбыўся першы айчынны прарыў на гэтым фэсце — у 2005 першае месца заняла Ксенія Сітнік з песняй «Мы вместе». Ганарылася ўся краіна, а песня гучала на школьных лінейках, гарадскіх святах, з радыё і тб.

«Тяни-Толкай» — «3000 шагов» (2006)

Я ведаю, што ёсць яшчэ ДзеціДзяцей, Mauzer, Памідораў, Сцяна… Але «Тяни-Толкай» спяваюць на плошчах беларускіх гарадоў на святах горада і кірмашах.

 

«Чырвоным па белым» — «Не жадаю» (2006)

Кроў і гурт ЧпБ выдатна і якасна загучалі ў 2006. Лепшага рэпу па-беларуску тады проста не было. Палітычны падтэкст не дазволіў гурту выйсці на шырокія колы слухачоў. Але і «Песня Свабоды», якія выйшлі напярэдадні Плошчы-2006 разышліся вялікім накладам, а статыстыка спампоўванняў у інтэрнэце на той час была досыць значнай. Многія ўдзельнікі Плошчы назавуць менавіта «Не жадаю» гімнам беларускага пратэсту.

 

«Адыс-Абеба» — «Африка» (2006)

Беларусы наогул часта спявалі пра Афрыку ў ХХІ стагоддзі — «Без Білета», «Ляпісы» і вось «Адыс-Абеба». Але як інакш: назва гурту абавязвае.

Дзмітры Калдун — «Work Your Magic» (2007)

А гэта песня-прарыў ужо на дарослым»Еўрабачанні» 2007 года. Дзмітры Калдун заняў 6-е месца, што дагэтуль з’яўляецца найлепшым вынікам Беларусі. Як і кожная наступная песня ад Беларусі, напісаная яна не беларусамі.

 

N.R.M. — «Менск і Мінск» (2007)

Складаючы гэты спіс, я звярнуў увагу на дуалістычнасць успрыняцця музыкі. Калі для часткі беларусаў песня Калдуна стане беcсумнеўнай песняй года ў 2007, то для іншай часткі гэта будзе безумоўна «Менск і Мінск» Н.Р.М. У прынцыпе, пра «не склеіць і не сшыць» яны і спяваюць.

«Тройца» — «Тры янгалы» (2007)

У 2007-м годзе быў створаны першы анімацыйны кліп слыннага гурту на песню «Тры янгалы». Пранікнёнасць, кранальнасць і глыбіня песні, перададзеная відэашэрагам, абумовіла надзвычайную яе папулярнасць.

«Топлес» — «Периферия» (2009)

Не «Spice Girls» і нават не «Краскі», але адзін хіт маюць. Ды які: пра сталіцу і перыферыю — знаёмы амбівалентны стан многіх беларусаў.

Хоць я вагаўся. У гэтым жа годзе «Merry Poppins» кранальна спявалі пра каханне і былі не менш папулярнымі.

 

І тады трэба ўзгадваць пра Русю.

Аляксандр Рыбак — «Fairytale» (2009)

У нейкім сэнсе Беларусь такі выйграла Еўрабачанне. У 2009 перамог нарвежскі скрыпач і спявак Аляксандр Рыбак. Нарадзіўся ён у Віцебску і пасля пераехаў з бацькамі ў Осла. Палюбілі яго ў нас усур’ёз і надоўга. Не здзіўлюся, што цяпер ён больш папулярны менавіта ў Беларусі, чым у Нарвегіі. Я папытаў трох знаёмых нарвежцаў, ці ведаюць яны, хто гэта. Ведала адна дзяўчына. З трох беларусаў кожны ведаў пра Аляксандра Рыбака.

 

J:Mors — «Босиком по мостовой» (2010)

Напэўна, адзін з самых папулярных і доўгаіснуючых поп-праектаў краіны.

 

«Ляпіс Трубяцкой» — «Грай» (2010)

Напэўна, немагчыма знайсці гімны Плошчы 2010 года — пратэст не прытрымаўся і некалькіх дзён, як у 2006, калі песні грэлі і трымалі жыхароў намётавага мястэчка. 19 снежня 2010 года ўсё скончылася фактычна за гадзіну. Жорсткі разгон, масавыя арышты, рэпрэсіі і страх ахапілі краіну. Тады з’явіліся песні надзеі. Vinsent спяваў «Працягваю жыць», а песня-адказ, песня-надзея таго часу — «Грай» Ляпісаў.

 

«Ляпіс Трубяцкой» — «Не быць скотам» (2011)

Словы Янкі Купалы сталіся гімнам праз сто год. «Хлеба, солі, зямлі, волі». Нацыянальная ідэя не змянілася за сто год, і сёння верш гучыць актуальна. Не толькі для беларусаў — песню спявалі падчас пратэстаў у Маскве і на ўкраінскіх Майданах.

 

Макс Корж — «Жить в кайф» (2014)

Калі «Я нарадзіўся тут» можа лічыцца гімнам пакалення тых, каму за трыццаць, то тым, каму сёння дваццаць, падыдзе «Жить в кайф». У бытавым плане ў краіне шмат што змянілася, неба стала не такім шэрым, і той жа Макс Корж у іншай сваёй папулярнай песні пераконвае — «Небо поможет нам». Таму і стаўленне да жыцця ў моладзі змянілася — жыць і браць ад жыцця як найболей.

«Ляпіс Трубяцкой» — «Воины света» (2014)

Гэта песня-сімвал чалавечай годнасці для ўсёй постсавецкай прасторы. І адзін з афіцыйных гімнаў украінскай Рэвалюцыі Годнасці.

 

Будзе вельмі несправядліва не дадаць гурт

«Стары Ольса».

Іван Шыла