Імпэрскі крэдыт як абсалютнае зло?

Пры пісьменных дзеяньнях нашага ўраду гэтыя грошы маглі б даць грунт, рэзэрву часу дзеля структурнай перабудовы эканомікі. Але...

24.12.2007 / 21:52

Ня кожны дзень можна прачытаць канстатацыю маскоўскага аналітыка: "Паводле псыхалёгіі мы — эўрапейская каляніяльная дзяржава".

Увогуле Фёдар Лук'янаў, галоўны рэдактар часопіса "Россия в глобальной политике", выгадна вылучаецца на тле тамтэйшых палітолягаў-вялікадзяржаўнікаў (зрэшты, іншых амаль што і не засталося — ступень сэрвільнасьці нават "мэтраў" проста шакуе!).

Адметная яшчэ адна выснова Лук'янава — датычна таго, што "замежная палітыка Расеі ў вельмі вялікай ступені вызначаецца камэрцыйнымі інтарэсамі абмежаванага кола карпарацый ці бізнэсовых лёбі — вуглевадароды і атамная галіна, ВПК, часткова транспарт. Калі сумаваць інтарэсы гэтых магутных групаў — то мы прыкладна атрымаем якраз расейскую замежную палітыку".

Карацей, калі перафразаваць Міхала Залескага, то можна сказаць: расейская палітыка не такая простая, як здаецца — яна яшчэ прасьцейшая :)

Зразумела, што пры такіх складніках цяжка чакаць ад Масквы філянтропіі. Вось і гадаюць зараз аналітыкі, што стала прычынай атракцыёну нябачнай шчодрасьці — залатога крэдытнага дажджу ды таннага газу на наступны квартал? Што магло быць закладзена ў расейскі лямбард?

Зрэшты, тут варта зрабіць рэмарку: беларускі бок не аднойчы даваў Маскве розныя "жалезныя" абяцаньні, а потым яе "пракідаў".

Зь іншага боку, я б зьвярнуў увагу на стрыманы і ўзважаны камэнтар Станіслава Багданкевіча.

Сапраўды, калі абстрагавацца ад сьвятой нянавісьці да імпэрыі :), то ці варта разглядаць той крэдыт як нейкае абсалютнае зло для Беларусі?

На думку былога кіраўніка Нацбанку, пры пісьменных дзеяньнях нашага ўраду гэтыя грошы могуць паспрыяць стабілізацыі фінансавай сыстэмы, стрымліваньню інфляцыі і г.д. Можна было б нават ня траціць гэтыя паўтара мільярды, кажа Багданкевіч, а пакласьці на дэпазыт і здымаць вяршкі (у сэнсе — для казны:)

Карацей, так ужо дэманізаваць саму крэдытную палітыку ўраду мо' і ня варта. Сумарная вага пазыкаў яшчэ далёка не крытычная што да суадносінаў замежнага доўгу і ВУП. І гэтыя грошы цалкам маглі б даць грунт, рэзэрву часу дзеля структурнай перабудовы эканомікі.

Іншая рэч, што дзеля гэтага патрэбная найперш палітычная воля.

Але тое, у якіх парамэтрах і ў якім духу прайшло зацьвярджэньне бюджэту ды асноўных прагнозных паказчыкаў на 2008 год, сьведчыць, што стаўка робіцца на працяг старой парадыгмы: выцісканьне апошніх сокаў зь цяперашняй гаспадарчай мадэлі дзеля сакралізаванага росту ВУП (пры прагнозе 8-9% перад урадам пастаўлена задача дамагчыся 11% — карацей, накінутыя падвышаныя "сацыялістычныя забавязаньні").

Так што галоўная небясьпека не ў саміх крэдытах, а ў тым, што іх могуць гэтак сама банальна змарнаваць, як і нафтагазавую рэнту мінулых гадоў.

І вось тады расплата па працэнтах стане кашмарам.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ