У Калядны вечар адкрылася выстава ў гонар перамогі на Сініх водах

Мікола Купава: «Справа ў тым, што Альгерд са сваім войскам пайшлі ў дзікія стэпы ў жніўні. Нібыта ў верасьні адбылася гэтая бітва. І яшчэ доўгі час ім прыйшлося ваяваць. І менавіта да Калядаў яны вярнуліся ў Вільню з трыюмфальнай перамогай».

25.12.2007 / 12:06

24 сьнежня ў менскай галерэі «Арт‑Блік» адкрылася выстава «Віват Альгерд! Хвала Айчыне». Яна прысьвечаная 645‑годзьдзю перамогі беларускага войска Вялікага Княства Літоўскага ў бітве з татарамі на Сініх водах. Наладзіла выставу мастацкая суполка «Пагоня».

На выставе прадстаўленыя партрэты вялікага князя Альгерда аўтарства Арлена Кашкурэвіча і Міколы Купавы, «Бітва на Сініх водах» Міхася Басалыгі і выявы беларускіх гарадоў, гістарычна зьвязаных з падзеямі на Сініх водах. Гэтая выстава завяршае вялікі праект мастацкай суполкі «Пагоня», прымеркаваны да 645‑годзьдзя перамогі на Сініх водах, адзначыў Мікола Купава.

«Мы ўжо правялі ўсе мерапрыемствы, якія заплянавалі. Гэта і дзіцячая выстава, і навуковая канфэрэнцыя. Адбыўся канцэрт беларускай і ўкраінскай музыкі ў верасьнёўскія дні. Першую сэсію гэтай выставы мы правялі таксама ў верасьні ў кавярні «Добрыя мысьлі». А цяпер гэтая выстава значнейшая, яна пашырылася на некалькі аўтараў, на некалькі твораў. І такім чынам мы закрываем гэтую тэму . Толькі на гэты год, паколькі наперадзе ў нас будзе 650‑годзьдзе гэтай бітвы на Сініх водах».


Мікола Купава
Паводле Міколы Купавы, выстава невыпадкова адкрываецца ў калядны вечар.

«Справа ў тым, што Альгерд са сваім войскам пайшлі ў дзікія стэпы ў жніўні. Нібыта ў верасьні адбылася гэтая бітва. І яшчэ доўгі час ім прыйшлося ваяваць. І менавіта да Калядаў яны вярнуліся ў Вільню з трыюмфальнай перамогай. І тое, што выстава сёньня тут адкрываецца, гэта невыпадкова. У гэтым ёсьць таксама свой знак, свой сымбаль. Мы такім чынам ушаноўваем Альгерда, ягонае войска, ягоныя подзьвігі. І хай гэта будзе сказана ў перадкалядную ноч».

На выставе прадстаўленыя творы чатырнаццаці мастакоў — Міколы Купавы, намесьніка старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Сержука Цімохава, Міхася Басалыгі, Арлена і Людмілы Кашкурэвічаў, Сьвятланы Баранкоўскай, Івана Пратасені ды іншых творцаў.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Адрас галерэі «АртБлік — Менск, вул. Някрасава, 11/34, тэлефон: (017) 232-95-53,
час працы: 11.00 — 19.00, выходныя: субота, нядзеля.