Электронныя чэргі і рэцэпты з’явяцца ва ўсіх паліклініках Мінска да канца 2015 года

Да канца наступнага года сістэмы электроннай чаргі з’явяцца ў працэдурных пакоях, клініка-дыягнастычных лабараторыях і траўмапунктах ўсіх паліклінік сталіцы, перадае «Мінск-Навіны».

09.12.2014 / 17:42

фота СБ

Электронная чарга ў паліклініцы будзе падобная да той сістэмы, што ўжо можна пабачыць у банках: наведнік абірае паслугу і атрымлівае квіток са сваім нумарам у чарзе. У банках такая схема ўпарадкавала плынь кліентаў – магчыма, яна дазволіць пазбегнуць спрэчак аб месцы ў чарзе і ў паліклініках.

Падрабязнасці схемы дзеяння электроннай чаргі, як падзяленне на доўгі візіт і кароткую кансультацыю ці «прадказанне» верагоднага часу надыходу сваёй чаргі, не называюцца.

Таксама ў 2015 годзе ва ўсіх сталічных паліклініках будуць выпісвацца электронныя рэцэпты: дактары набіраюць рэцэпт на камп’ютары і раздрукоўваюць яго для пацыентаў. У некаторых медустановах будуць весціся і электронныя амбулаторныя карты, а вынікі аналізаў і выпіскі з дакументацыі – рассылацца пацыентам па электроннай пошце.

Аляксандр Арсёнаў